Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

25 лютага нарадзіліся Агюст Рэнуар і Джордж Гарысан, а 26 – Віктор Гюго і Пётр Машэраў


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 25 і 26 лютага

25 лютага 1906 году ў Менску на браме гарадзкой турмы быў павешаны Іван Пуліхаў. Два тыдні перад тым студэнт Пуліхаў кінуў бомбу ў губэрнатара Курлова, і хоць бомба ня выбухнула, тэрарыст быў пакараны сьмерцю. Сёньня імя Пуліхава носіць адна зь менскіх вуліц.

25 лютага 1956 году на 20-м зьезьдзе КПСС Мікіта Хрушчоў чытае даклад аб кульце асобы Іосіфа Сталіна. У жыцьці соцень тысяч бязьвінна рэпрэсаваных людзей гэты дзень стаў паваротным.

25 лютага ў розныя гады пакінулі гэты сьвет беларускі архітэктар і палітычны дзяяч Клаўдзі Дуж-Душэўскі; жонка Янкі Купалы і зьберагальніца памяці пра яго Ўладзіслава Луцэвіч, а таксама беларускі палітык Іван Ермачэнка, які прысьвяціў жыцьцё барацьбе за незалежнасьць Беларусі, а пасьля вайны браў актыўны ўдзел у дзейнасьці беларускай эміграцыі ў ЗША.

25 лютага – дзень нараджэньня славутых людзей сьвету: францускага мастака Агюста Рэнуара, нямецкага пісьменьніка Карла Мая, які пісаў папулярныя раманы пра амэрыканскіх індзейцаў, украінскай пісьменьніцы Лесі Ўкраінкі, ангельскага сьпевака і кампазытара Джорджа Гарысана – аднаго з чацьвёркі “The Beatles”.

Таксама 25 лютага ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускія літаратары Сяргей Дарожны, які быў рэпрэсаваны ў 1936 годзе і памёр у ГУЛАГу; Пятро Прыходзька, які напісаў і выдаў больш за 20 зборнікаў вершаў і паэм; і Алесь Пісьмянкоў.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

26 лютага 1901 году ў Маскве беларускі студэнт Пётра Карповіч застрэліў міністра асьветы Расеі Багалепава. Гэта яшчэ адзін выпадак у хроніцы тэрарыстычных актаў, якія ўчінілі выхадцы зь Беларусі супраць чыноўнікаў царскай Расеі. Найбольш вядомае ў гэтым шэрагу забойства Ігнатам Грынявіцкім расейскага цара Аляксандра ІІ. Што да Пятра Карповіча, дык ягоны ўчынак быў адказам на пастанову Багалепава аддаваць недабранадзейных студэнтаў у салдаты. Карповіч быў выпускніком Слуцкай гімназіі. На момант тэракту ён ужо быў выключаны з Маскоўскага і Юр’еўскага ўнівэрсытэтаў за свае палітычныя погляды. Суд прысудзіў забойцу міністра да дваццаці гадоў катаргі, зь якой Карповічу ўдалося ўцячы. Ён далучыўся да эсэраў і апынуўся ў Англіі.

У адрозьненьне ад Карповіча, паэт і клясык беларускай літаратуры Алесь Гарун ня быў тэрарыстам. Але, як і Карповіч, Гарун быў эсэрам і займаўся прапагандай супраць царскага самаўладзтва. За гэта быў арыштаваны, і 26 лютага 1908 году Віленская судовая палата прысудзіла яго спачатку да астрогу – як непаўналетняга, пасьля да катаргі, а ўрэшце да ссылкі на 9 гадоў у Сыбір. На радзіму Гарун вярнуўся з моцна падарваным здароўем і неўзабаве памёр.

26 лютага ў розныя гады прыйшлі на сьвет францускі раманіст Віктор Гюго, шматгадовы камуністычны кіраўнік Беларусі ў часы брэжнеўскага застою Пётр Машэраў і беларускі літаратар Георгі Колас. Напрыканцы жыцьця Георгі Колас дасьледаваў таямніцу сьмерці Янкі Купалы. Сёньня культурніцкую справу бацькі працягваюць ягоныя сыны – Уладзімер Колас, дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю, і Зьміцер Колас, вядомы перакладчык францускае літаратуры.
XS
SM
MD
LG