Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіла беларуская дэлегацыя ў Браціславе?


Алесь Дашчынскі, Менск У Браціславе цягам двух дзён закраналася беларуская праблематыка, спачатку на міжнароднай канфэрэнцыі “Новы паход за дэмакратыю”, потым – падчас сустрэчы прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці краін Усходняй Эўропы, сярод якіх былі таксама прадстаўнікі Беларусі. Як ацэньваюць гэтыя падзеі беларускія палітыкі?

У Браціславе знаходзілася даволі прадстаўнічая дэлегацыя грамадзянскай супольнасьці з Беларусі: кіраўнічка ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская, міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў, лідэр моладзевага руху “Зубр” Уладзімер Кобец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў і іншыя. У часе сустрэчы з амэрыканскім прэзыдэнтам Ірына Красоўская заклікала яго садзейнічаць расьсьледаваньню палітычных зьнікненьняў у Беларусі й папрасіла Джорджа Буша паўплываць на Расею.

Актывіст дэмакратычнага руху зь Беларусі Сяргей Мацкевіч, лічыць, што кантакты ў Браціславе былі карыснымі.

(Мацкевіч: ) “Вельмі добра, што прадстаўнікі 13-ці краінаў і ў тым ліку Беларусі сустрэліся непасрэдна з прэзыдэнтам Бушам, як ён іх назваў “чэмпіёнамі свабоды”. Ад нашай краіны гэта былі Жана Літвіна і Ірына Красоўская. Была маленькая такая нагода выказаць сваю занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі. Потым прэзыдэнт Буш пачаў сваю прамову з таго, што зрабіў такі рэвэранс у іх бок, сказаў, што тут прысутнічаюць барацьбіты за дэмакратыю ў тых краінах, якія яе яшчэ не дасягнулі, і абавязкова некалькі разоў у сваёй прамове ён казаў пра дэмакратычныя каштоўнасьці і пра тое, што мы павінны рух да дэмакратыі не спыняць, і назваў Беларусь адной з тых краінаў, дзе гэтыя перамены мы чакаем у хуткім будучым. Галоўнае, што ён пацьвердзіў тое, што ён сказаў у сваёй інаўгурацыйнай прамове, і таму мы спадзяемся, што гэтая пазыцыя цьвёрдая, і яна будзе адстойвацца”.

У беларускім міністэрстве замежных справаў пакуль ніяк не адрэагавалі на браціслаўскія сустрэчы дэмакратычнай апазыцыі. Прадстаўнік міністэрства Руслан Есін паабяцаў, што, магчыма, нейкія камэнтары зьявяцца сёньня.

Прадстаўнік афіцыйнага Менску, дэпутат Сяргей Касьцян, літаральна паўтарыў вядомую пазыцыю кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, што ў Беларусі не будзе ні аранжавай, ні якой іншай рэвалюцыі.

(Касьцян: ) “Адназначна, гэта ніяк не паўплывае на нашую ўнутраную і зьнешнюю палітыку. Той палітычны курс, які праводзіць наш прэзыдэнт, будзе праводзіцца да самага канца. Вядома, што нейкія будуць і перамены, але перамены не на разбурэньне краіны, а наадварот, на яе ўмацаваньне. Таму, калі Буш і сустракаецца з апазыцыяй, гэта зусім не азначае, што мы зьменім наш унутраны або зьнешнепалітычны курс”.

А што думаюць самі ўдзельнікі браціслаўскіх падзеяў? Міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў прымаў удзел у міжнароднай канфэрэнцыі “Новы паход за дэмакратыю”. Як жа ў Браціславе ўспрымаюцца запэўніваньні афіцыйнага Менску ў тым, што Лукашэнка будзе праводзіць свой палітычны курс да канца?

(Саньнікаў: ) “Можа, яны і маюць рацыю, таму што ён можа ісьці да канца сваім шляхам, але ж гэты канец ужо даволі блізка. Таму што тое, што адбываецца ў сьвеце, выключае той шлях, якім Лукашэнка спрабуе весьці Беларусь. Гэта відавочна, відавочна ў Славаччыне. Славаччына вельмі добры прыклад таго, як краіна, пазбавіўшыся аўтарытарнага Мечыяра, адразу, амаль што імгненна, калі казаць з такой гістарычнай пэрспэктывай, апынулася ў Эўропе і нармальна разьвіваецца, а тое, што адбываецца ў Беларусі, і тое, што цяпер больш увагі надаецца гэтаму ў сьвеце, гэта азначае, што тыя дэмакратычныя тэндэнцыі, дэмакратычныя працэсы нельга спыніць, прынамсі ў нашым рэгіёне”.
XS
SM
MD
LG