Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былых кандыдатаў у дэпутаты падазраюць у паклёпе на прэзыдэнта


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пракуратура Цэнтральнага раёну Менска на падставе перадвыбарчых улётак былых кандыдатаў дэпутаты ад апазыцыі Аляксандр Цынкевіча і Алег Волчака завяла крымінальную справу аб паклёпе на прэзыдэнта.

Пакуль дакладна невядома, якія выказваньні з перавыбарчых улётак разглядаюцца сьледчымі як паклёп на прэзыдэнта. Актывіст АГП Аляксандр Цынкевіч кажа, што пакуль пра гэта можа толькі здагадвацца. У тым, што яму цытаваў сьледчы Аляксандр Нікалаеў, Аляксандр Цынкевіч не бачыць паклёпу на кіраўніка дзяржавы.

(Цынкевіч: ) “Там пра тое, што творыцца ў краіне, што ёсьць людзі прэзыдэнта і ўсе астатнія, і што суды і пракуратура працуюць на гэтых людзей прэзыдэнта, а не абараняюць правы іншых грамадзянаў. Што ў краіне ёсьць усе прыкметы халоднай вайны, і пералічаныя гэтыя прыкметы.”

Гэтыя словы Аляксандр Цынкевіч лічыць сваім асабістым меркаваньнем, якое паводле Канстытуцыі ён мае права выказаць. “Калі б думаў, што ў нас усё добра, я б і не ішоў у парлямэнт”, – тлумачыць Аляксандр Цынкевіч.

Прэтэнзіі да праваабаронцы Алега Волчака падобныя. Пры гэтым Алег Волчак сьцьвярджае, што ў ягонай улётцы шмат што яму прыпісалі.

(Волчак: ) “Што Лукашэнка нібыта пабудаваў у сябе ў Драздах дарагую бегавую дарожку, басэйн дарагі, а галоўнае, што нібыта ён стварыў эскадроны сьмерці, якія зьнішчалі людзей. І таму як за такога можна галасаваць? А ў маіх улётках гэтага не было. Гэта яны прыпісалі.”

Абвінавачваньне ў паклёпе на прэзыдэнта Аляксандру Цынкевічу і Алегу Вочаку пакуль не прад’яўленае, іх толькі дапытваюць у якасьці сьведкаў. Аднак абодва апазыцыянэры не выключаюць, што ў выніку стануць абвінавачанымі.

Сьледчы Цэнтральнай раённай пракуратуры Менску Аляксандр Нікалаеў пацьвердзіў, што такая справа ў заведзеная, але не паведаміў ніякіх падрабязнасьцяў.

Крымінальныя справы паводле артыкулу аб паклёпе на прэзыдэнта сталіся нормай у сучаснай Беларусі. За гэта цяпер адбываюць пакараньне гарадзенскія прадпрымальнікі Валер Леванеўскі і Аляксандр Васілеў, за гэта асуджаная актывістка грамадзянскага руху Аксана Новікава. Такія справы заведзеныя і адносна старшыні АГП Анатоля Лябедзікі ды праваабаронцы Гары Паганяйлы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG