Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску прадпрымальнікі страйкавалі ўжо сёньня


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Салігорску сёньня прадпрымальнікі пратэставалі супраць увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць. Удзельнікі мітынгу выказалі недавер Аляксандру Лукашэнку, ураду і мясцовым органам улады, якія, на думку салігорцаў, вінаватыя ў цяперашніх праблемах прадстаўнікоў дробнага бізнэсу.

На мітынг, які быў санкцыянаваны Салігорскім гарвыканкамам і адбыўся на гарадзкім стадыёне, сабраліся каля трохсот чалавек. Арганізавала акцыю салігорская суполка грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”.

Лідэр суполкі Аляксандар Цэцура заявіў, што падатковае новаўвядзеньне ставіць “крыж” на далейшым існаваньні дробнага бізнэсу, што каля 80 адсоткаў дробных бізнэсоўцаў ужо падалі заявы наконт адмовы ад прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Падтрымаць прадпрымальнікаў прыйшлі салігорскія шахцёры, прадстаўнікі дэмакратычных партый і рухаў. Напрыклад, актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ніна Ярмалінская, выступаючы на мітынгу, зьвярнула увагу на сацыяльныя праблемы жыхароў Салігорску і выказала нязгоду з палітыкай дзеючай улады.

Актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Андрэй Казановіч параіў прадпрымальнікам аб’яднацца і далучацца да палітычных партыяў.

Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю, у якой выказалі патрабаваньне адмены падатку на дабаўленую вартасьць для прадпрымальнікаў, выказалі недавер прэзыдэнту, ураду, і мясцовым органам улады. Вось як пракамэнтаваў гэтае патрабаваньне Аляксандар Цэцура:

(Цэцура: ) “Калі уводзіўся падатак на дабаўленую вартасьць, то чаму нас ня паінфармавалі за месяц да увядзеньня? Каб мы ведалі, ці зможам працаваць ў такіх умовах. Нам ня зразумела, як можна прымаць гэткія непадрыхтаваныя нарматыўныя акты. Каб гэтага больш ня паўтаралася, то ці ня прасьцей замяніць урад і гаранта Канстытуцыі?!”
XS
SM
MD
LG