Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джорджа Буша вельмі цёпла прывіталі ў марознай Браціславе


Юры Дракахруст, Прага Увечары ў Браціславе завяршыліся перамовы прэзыдэнтаў Злучаных Штатаў і Расеі Джорджа Буша і Ўладзімера Пуціна. А ў першай палове дня амэрыканскі прэзыдэнт сустрэўся з кіраўніцтвам Славаччыны, а таксама выступіў на імправізаваным мітынгу ў цэнтры славацкай сталіцы.

Паводле назіральнікаў Джорджа Буша у Славаччыне чакаў самы цёплы прыём сярод усіх краінаў Эўропы, які ён наведаў падчас цяперашняга візыту. Нягледзячы на марознае надвор’е тысячы славакаў, сабраўшыся на плошчы, слухалі прэзыдэнта ЗША, які казаў аб сваім захапленьні шляхам Славаччыны ад камунізму да дэмакратыі.

Амэрыканскі лідэр правеў паралель паміж аксамітнымі рэвалюцыямі ва Ўсходняй Эўропе напрыканцы 80-х гадоў і нядаўнімі падзеямі ў Аўганістане і Іраку. Ён прыгадаў Грузію і Ўкраіну, як прыклады далейшага маршу свабоды.

(Буш: ) “Нядаўна мы сталі сьведкамі значных падзеяў у гісторыі свабоды, ружовая рэвалюцыя ў Грузіі, аранжавая рэвалюцыя ва Ўкраіне, і зараз электаральная рэвалюцыя ў Іраку. Сваімі галасамі, пададзенымі і падлічанымі, ірацкі народ пачаў свой вялікі гістарычны шлях. Ён сфармуе новы ўрад, падрыхтуюць дэмакратычную Канстытуцыю і будуць кіраваць сабой як свабодныя людзі”.

У сваёй прамове Джордж Буш таксама прыгадаў выбары ў Малдове, якія адбудуцца праз 10 дзён і таксама могуць стаць крокам да пашырэньня дэмакратыі. На думку амэрыканскага лідэра свабода ў рэшце рэшт стане здабыткам кожнага чалавека і кожнай нацыі.

(Буш: ) “Непазьбежна народ Беларусі калі-небудзь з годнасьцю зойме месца сярод дэмакратычных краінаў. Раней ці пазьней, заклік свабоды адгукаецца ў кожным розуме і кожнай душы, і прыйдзе час, калі заклік свабоды дасягне кожнага чалавека і кожнай нацыі”.

Паведамляецца, што гэтыя словы Буша асабліва горача віталі людзі, які стаялі на плошчы зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі.

Прэзыдэнт ЗША казаў пра высокую цану свабоды, пра пільнасьць у абароне дэмакратычных каштоўнасьцяў. Ён заклікаў славакаў памятаць іх перамогу над камунізмам і падзякаваў за ўдзел у міратворчых дзеяньнях у Косаве, Аўганістане і Іраку.

(Буш: ) “Насеньне свабоды ўзыходзіць толькі тады, калі яго сеюць. Яго пераносяць магутныя ветры, яно перасякае межы, акіяны і кантынэнты і пускае карані ў аддаленых краінах”, – сказаў Джордж Буш выступаючы сёньня на галоўнай плошчы Браціславы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG