Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даляр саступае эўра як асноўная сусьветная валюта?


Ганна Соусь, Прага Шмат гадоў цэнтральныя банкі большасьці краінаў сьвету трымалі грашовыя запасы ў далярах ЗША. Цяпер назіраюцца прыкметы таго, што цэнтральныя банкі перамяшчаюць свае актывы ў іншыя валюты, такія як эўра. Галоўным чынам з той прычыны, што кошт даляра істотна зьнізіўся за апошнія тры гады. Экспэрты прагназуюць, што паступовае паніжэньне курсу даляра працягнецца.

За апошнія некалькі гадоў Цэнтрабанк Расеі паменшыў даляравую частку сваіх запасаў у замежнай валюце. Потым Інданэзія заявіла, што разгледзіць гэткую ж пэрспэктыву. На гэтым тыдні кіраўнік Цэнтральнага банку Бахрэйну заявіў, што эўра паступова становіцца міжнароднай рэзэрвовай валютай. А ва аўторак Паўднёвая Карэя заявіла, што плянуе прадаць частку даляравых запасаў.

Ашраф Лаіды, фінансавы аналітык зь Нью-Ёрку, кажа пра тэндэнцыю, калі многія краіны імкнуцца захоўваць грашовыя запасы ня толькі ў далярах, але і ў эўра.

(Лаіды: ) “Гутарка ідзе пра тое, што цэнтральным банкам сапраўды нязручна трымацца за валюту, якая страціла каля 30 адсоткаў свайго кошту за мінулыя тры гады. Для іх мае сэнс арыентавацца на тую валюту, якая не губляе сваю каштоўнасьць”.

Экспэрты кажуць, што пакуль складана прагназаваць, наколькі шырока распаўсюджаная гэтая тэндэнцыя, паколькі банкі часта не афішуюць такую інфармацыю. Аднак праведзены ў мінулым месяцы фінансавы маніторынг засьведчыў, што многія банкі павялічылі долю сваіх запасаў у эўра.

Магчыма, яны не прадаюць даляры, а толькі набываюць менш актываў у далярах, напрыклад амэрыканскіх урадавых аблігацый. Лаіды лічыць, што гэта паступовыя зьмены. Напрыклад, два гады таму Расея трымала 90 адсоткаў сваіх актываў у далярах, а цяпер гэтая прапорцыя панізілася да 80 адсоткаў. І некаторыя цэнтральныя банкі плянуюць альбо робяць крокі ў такім кірунку, гаворыць Лаіды.

Гэтая тэндэнцыя аднак тычыцца ня ўсіх краінаў. Напрыклад, Японія, якая трымае найбольшую колькасьць амэрыканскіх аблігацый, заявіла ў сераду, што не плянуе павялічваць запасы ў эўра.

Джанлука Бэнінья зь Лёнданскай школы эканомікі кажа, што тэндэнцыя, верагодна, працягнецца.

(Бэнінья: ) “Эўра – альтэрнатыўная рэзэрвовая валюта, якую цэнтральныя банкі разглядаюць як больш хутка рэалізуемую і важную. Гэта, верагодна, стане тэмай абмеркаваньня ў бліжэйшым часе. Гэта пачалося некалькі месяцаў таму, калі Расея пачала казаць пра стратэгію разнастайнасьці. Верагодна ў наступныя месяцы мы атрымаем больш інфармацыі такога кшталту”.

Ці можа даляр страціць свой статус вядучай сусьветнай валюты? Прафэсар эканомікі Малкольм Соер лічыць, што да гэтага ўсё яшчэ далёка. Пакуль жа асноўныя фінансавы апэрацыі ў сьвеце вядуцца ў далярах, кошт нафты ацэньваецца ў далярах, гэтая валюта шырока распаўсюджаная ў многіх краінах сьвету. Такім чынам яшчэ доўгі час даляр будзе асноўнай валютай у сьвеце, лічаць экспэрты. Паводле прафэсара Сойера, даляр і эўра могуць набыць роўны статус магчыма гадоў праз 10-20.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG