Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расейска-амэрыканскія адносіны працягваюць балянсаваць на лязе нажа”


Юры Дракахруст, Прага Вынікі браціслаўскага саміту і яго магчымыя наступствы для краінаў Усходняй Эўропы мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара расейскіх і азіяцкіх праграмаў вашынгтонскага Цэнтру абарончай інфармацыі Мікалая Злобіна ў Вашынгтоне.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Злобін, як бы Вы маглі ахарактарызаваць агульны вынік сустрэчы Буш-Пуцін, бакі аддаліліся, бакі зблізіліся, у чым зблізіліся, у чым аддаліліся?”

(Злобін: ) “Я мяркую, што гэты саміт сьведчыць пра тое, што расейска-амэрыканскія адносіны працягваюць балянсаваць на лязе нажа. Самі ні ў якім выпадку нельга лічыць правалам, але самая атмасфэра саміту, тое, што там было сказана, тое, што абмяркоўвалася, паказвае, што разьвіцьцё можа пайсьці ў той ці іншы бок. Амэрыканская палітычная эліта яшчэ ня вырашыла канчаткова перагледзіць сваю палітыку адносна Расеі.

Тое, што значная частка прэсавай канфэрэнцыі двух прэзыдэнтаў была прысьвечаная пытаньням дэмакратыі, паказвае, наколькі гэта важна для Вашынгтону.

Пэўную іронію тут выклікалі атакі на амэрыканскую дэмакратыю з боку расейскіх журналістаў. Тое, што прэзыдэнт Буш апынуўся ў пазыцыі, дзе яму давялося абараняцца, гэта новая для яго сытуацыя ў адносінах з Расеяй. Шмат што тут у Вашынгтоне зь вялікім скепсісам паставіліся да таго, што расейскі бок заняў агрэсіўную пазыцыю ў пытаньнях дэмакратыі. Хаця крайне пазытыўна было ўспрынятае тут (і гэта сапраўды варта ўспрымаць пазытыўна), што прэзыдэнт Буш выказаў сваю крытыку публічна і што прэзыдэнт Пуцін таксама публічна сказаў, што некаторыя заўвагі свайго амэрыканскага калегі я павінен узяць у разьлік”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Злобін, на выніковай прэсавай канфэрэнцыі не было сказана нічога наконт пашырэньня дэмакратыі ў Эўропе. Але гэтая тэма нябачна прысутнічала, напярэдадні саміту, выступаючы на мітынгу ў Браціславе, прэзыдэнт Буш паўтарыў, што пашырэньне дэмакратыі ў сьвеце – стрыжань ягонай палітыкі, прыгадаўшы ў прыватнасьці Беларусь, якая паводле яго раней ці пазьней стане свабоднай. На падставе вынікаў саміту ці можна сказаць – Расея будзе спрыяць гэтай палітыцы, будзе нэўтральнай да яе ці будзе супрацьдзейнічаць ёй?”

(Злобін: ) “Я мяркую, што ў апошнія пару гадоў адбываецца відавочная пераарыентацыя ў амэрыканскіх прыярытэтах. Раней Вашынгтон аддаваў перавагу таму, каб працаваць на постсавецкай прасторы праз Маскву, калі Масква ўспрымалася, як “экспартэр дэмакратыі”, прагрэсу і мадэрнізацыі. Зараз палітыка мяняецца. І ў гэтай сувязі амэрыканцы, зразумела, будуць вітаць дапамогу Расеі, але мы ўсё больш будзем бачыць спробы і Эўразьвязу, і Злучаных Штатаў дзейнічаць на постсавецкай прасторы самастойна і не абавязкова ўзгадняючы гэта з Масквой.

Для іх будзе пажадана, калі Масква паставіцца да гэтага пазытыўна ці нэўтральна, але калі Масква паставіцца нэгатыўна ці нават агрэсіўна, то сёньня гэта ня будзе зьяўляцца перашкодай для Вашынгтону, для НАТО, для Эўразьвязу. Мы бачылі гэта ў Грузіі, ва Ўкраіне, зараз мы гэта часткова назіраем адносна Малдовы.

Такая ж пазыцыя будзе, я мяркую, і адносна Беларусі.Тут лічаць, што Расея ня будзе на злом галавы абараняць беларускі рэжым. Можа, Расея нават разумее, што існаваньне гэтага рэжыму зьяўляецца пэўнай праблемай для самай Расеі, і таму Вашынгтон будзе разьлічваць па меншай меры на нэўтральнае стаўленьне Расеі да тых дыпляматычных і эканамічных спробаў, якія могуць рабіцца ў накірунку зьмены рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG