Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калегі і сябры віншуюць Рыгора Барадуліна з 70-годзьдзем


Валер Каліноўскі, Менск Пісьменьнік Валянцін Тарас, былы партызан другой сусьветнай вайны, да 70-годзьдзя народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна напісаў невялікае эсэ, прысьвечанае юбіляру, калегу і сябру.

(Тарас: ) “У 1944 годзе, калі я быў у партызанах, аднаго нашага хлопца паранілі, і ніяк нага не зажывала, чым не лячылі — ніякага выніку. Тады нехта сказаў, што яго трэба адвезьці да шаптухі на хутары. Ну і даручылі гэта мне, падлетку-партызану. Павёз я гэтага хлопца на хутар да шаптухі. Я там сядзеў слухаў, усё гэта было мне вельмі дзіўна. І вось тыя словы гэтай замовы, гэтага шаптаньня мне ўрэзаліся ў памяць на ўсё жыцьцё. І хлапец вылечыўся праз колькі дзён… Прайшлі многія дзесяцігодзьдзі, я чытаю паэму Барадуліна “Блякада” — і сустракаю там тыя самыя словы, што тады шаптала тая кабета старая: “На моры-акіяне, на быстрым буяне стаіць ліповы куст, пад тым кустом ляжыць бел камень…” У гэтай паэме гэтым загаворам лечаць маленькага хлопчыка і вылечваюць. І вось для мяне гэта злучылася ў адну такую карціну паэзіі Барадуліна. Канечне, тут няма ніякай містыкі, але ўпэўнены ў тым, што і таго хлопца-партызана, і хлопчыка з барадулінскай паэмы вылечыў цуд слова — барадулінскага слова, магутнага слова, якое і перуном грукоча, і бліскавіцай сьвеціць, і вее буйным ветрам. Ён вельмі трапна назваў адну са сваіх кніг — “Белая яблыня грому”. Для мяне ўся паэзія Барадуліна — гэта белая яблыня грому, якая стаіць, шуміць і жыве над нашай Беларусьсю”.

Намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Анатоль Кудравец з нагоды 70-годзьдзя народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна сказаў сваё слова пра паэтычны сьвет Барадуліна:

(Кудравец: ) “Беларускай паэзіі шчасьціла на вялікіх паэтаў: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, пазьней — новае пакаленьне: Куляшоў, Панчанка, Танк. І наступнае пакаленьне шасьцідзясятнікаў ці сямідзясятнікаў. Рыгор Барадулін у гэтым пакаленьні ня проста першая зорка на небасхіле сёньняшняй беларускай паэзіі. Ён сам яе небасхіл. Глыбокі, шырокі, бязьмежны… Паэтычны сьвет яго народна дасьціпны, афарыстычны, лірычны, гумарыстычны, глыбока філязофскі і нязьменна патрыятычны. Кожнае ягонае слова — пра Беларусь, боль за яе сёньняшняе жыцьцё, вера і надзея ў заўтра. “Трэба дома бываць часьцей”, некалі сказаў ён — як быццам бы пра Вушаччыну. А сёньня гэта ўспрымаецца, быццам сказана пра ўсю Беларусь. Хачу дадаць некалькі словаў тэлеграмы, якую я сёньня паслаў яму: “Дарагі і праслаўны, зямны і паднябесны паэце! Ад былога суседа па хатцы, а сёньняшняга суседа па працы, рэдактара і выдаўца, Анатоля Кудраўца прывітаньне і віншаваньне з высокім юбілеем! Хай здаровіцца і славіцца, можацца і множацца шчасныя леты, Рыгорка, і хай ніколі табе ня будзе горка. Жыве Барадулін! Жыве Беларусь!”

Пра месца Рыгора Барадуліна ў беларускай паэзіі, пра ягонае ўнікальнае валоданьне беларускім словам гаворыць ягоны калега і сябар Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) “Я хачу парадавацца за зямлю нашую родную, за нашу літаратуру, што Бог ужо 70 год трымае Рыгора на зямлі нашай. І я спадзяюся, што яшчэ ён дасьць яму гадоў і сіл і нахтхненьня многа-многа зрабіць. Таму што тое, што Рыгор зрабіў для беларускай паэзіі, для беларускай культуры, для духоўнага жыцьця беларусаў, гэта сапраўды выключна і сапраўды выдатна. Ведаючы і творчасьць ягоную, і яго самога шмат дзесяцігодзьдзяў, я не сумняваюся ў тым, што імя ягонае з поўным правам ня толькі будзе стаяць, а ўжо стаіць у сьвятым шэрагу зь Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам. У веданьні беларускага слова, у валоданьні ім ён, можа, нават і сярод гэтых выдатных зорак — выключная зьява. Увесь час зьдзіўляюся таму, што вось то новае слова ён знойдзе, то адкрые ў прывычным слове нешта такое, што раней не заўважалася. Я проста лічу, што гэта вялікае шчасьце, што ў нас ёсьць Рыгор, які паказвае такую невычэрпнасьць, такую шматграннасьць і такія магчымасьці беларускага слова. Тое, што ўмее рабіць Рыгор Барадулін зь беларускім словам, сьведчыць, што мова нашая выдатная, невычэрпная, бліскучая, якой падуладна практычна ўсё”.

Пісьменьнік Сяргей Законьнікаў, які чытае вершы Рыгора Барадуліна са школьнага часу, зьвяртае ўвагу на асаблівасьці ягонай паэзіі, ягоную беларускасьць:

(Законьнікаў: ) “Пра Рыгора Іванавіча Барадуліна я мог бы гаварыць бясконца. З самага маленства я ведаю яго паэзію, таму што ён мой зямляк, таму што ён проста выдатны паэт. Праз усё жыцьцё я пранёс гэтую любоў да паэзіі Рыгора Барадуліна. На сёньня ў нашай паэзіі гэта адзін з самых выдатных паэтаў, настолькі самабытны, глыбока нацыянальны, што словамі проста ня скажаш гэтага. Гэта трэба адчуваць душою, сэрцам, наколькі гэта беларускі паэт. Хачу сказаць, што як бы ні было, што б ні было з нашай Беларусьсю, паэзія Рыгора Барадуліна застанецца заўсёды, пакуль жыве Беларусь, таму што гэта выяўленьне самой беларускай душы”.
XS
SM
MD
LG