Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Красоўская падзякавала Джорджу Бушу за “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ірына Красоўская, кіраўнічка грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем!”, і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна 24 лютага ў Братыславе прысутнічалі на сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. У сваім невялікім выступе Ірына Красоўская заклікала амэрыканскага прэзыдэнта садзейнічаць у расьсьледаваньні палітычных зьнікненьняў у Беларусі.

У сустрэчы з кіраўніком ЗША бралі ўдзел прадстаўнікі яшчэ 13 краінаў сьвету, якія вызначыліся сваім унёскам ў барацьбу за дэмакратыю. Ірына Красоўская атрымала магчымасьць выступіць перад Джорджам Бушам. Вось што яна сама распавяла для “Радыё Свабода” пра свой выступ:

(Красоўская: ) “Мне ўдалося нават сказаць невялікую прамову. Я падзякавала за “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” і сказала, што цяпер патрэбная дапамога, каб рэалізаваць гэты акт, які вельмі істотны для Беларусі. Таксама я папрасіла спадара Буша перадаць прэзыдэнту Пуціну, зь якім ён будзе сёньня сустракацца, каб той дапамог расьсьледаваць справы зьніклых, бо гэта будзе добрай падставай для Расеі зрабіць свой унёсак у разьвіцьцё дэмакратыі, а для Беларусі гэта будзе шанец на зьмену сытуацыі. Бо пачатак сапраўднага расьсьледаваньня гэтых справаў можа быць і пачаткам канца рэжыму Лукашэнкі”.

Калі Ірына Красоўская распавядала пра сваю сустрэчу з Джорджам Бушам, яна знаходзілася на галоўнай плошчы Братыславы, дзе перад вялікай колькасьцю сабраных выступаў амэрыканскі прэзыдэнт. Ірына Красоўская паведаміла, што ў сваёй прамове Джордж Буш згадаў таксама і пра Беларусь.

(Красоўская: ) “Прэзыдэнт толькі што ў сваёй прамове згадаў пра Беларусь. Ён сказаў, што верыць у перамогу дэмакратыі ў Беларусі”.

Нагадаем, муж Ірыны Красоўскай бізнэсовец Анатоль Красоўскі ў 1999 годзе быў скрадзены невядомымі асобамі разам з намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету Віктарам Ганчаром. Афіцыйнае сьледзтва гэтага зьнікненьня зайшло ў тупік. Між тым, беларуская апазыцыя і праваабаронцы перакананыя, што за іх зьнікненьне адказная беларуская ўлада. Жонкі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў ужо пяць гадоў заклікаюць расейскае кіраўніцтва паспрыяць у расьсьледаваньні справаў зьніклых, але пакуль безвынікова.
XS
SM
MD
LG