Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўцы прапануюць зьнізіць цэны на беларуска-літоўскія візы – чаму беларускі бок пакуль не пагаджаецца?


Галіна Абакунчык, Менск Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі прапанавала беларускаму Міністэрству замежных справаў зьменшыць кошты ўсіх відаў консульскіх паслугаў да 5 эўра. Канчатковага рашэньня беларускі бок не прыняў, але ў замежнапалітычным ведамстве краіны заяўляюць пра нямэтазгоднасьць зьніжэньня кошту візаў.

Нежаданьне зьніжаць кошты беларуска-літоўскіх візаў у Міністэрстве замежных справаў Беларусі тлумачаць тым, што Літва ў хуткім часе далучыцца да Шэнгенскага пагадненьня. Маўляў, пасьля гэтага кошты консульскіх паслугаў ізноў узрастуць.

Гэткія выказваньні высокапастаўленых чыноўнікаў МЗС прэсавы сакратар Андрэй Савіных пракамэнтаваў наступным чынам:

(Савіных: ) “Кожны мае права выказваць сваё меркаваньне. Рашэньне ў гэтай справе яшчэ не прынятае, бо такое пытаньне абмяркоўваецца зь Міністэрствам фінансаў і іншымі зацікаўленымі ведамствамі. Гэта проста ідзе абмеркаваньне, а рашэньне будзе прынятае на падставе ўсебаковага аналізу ўсіх элемэнтаў гэтага пытаньня”.

Як паведаміў спадар Савіных, калі можа быць прынятае канчатковае рашэньне, пакуль невядома. Літва прапанавала Беларусі зьнізіць кошты візаў яшчэ ў сьнежні. У літоўскай амбасадзе не камэнтуюць доўгага маўчаньня сваіх беларускіх калегаў і не прагназуюць далейшых крокаў, але працягваюць выказвацца на карысьць сваіх прапановаў, скіраваных на пашырэньне кантактаў паміж краінамі. Вось што сказаў у інтэрвію “Свабодзе” консул Марыюс Няманес:

(Няманес: ) “Мы проста заўсёды гатовыя да любых прапановаў зь беларускага боку, гатовыя абмяркоўваць любыя прапановы”.

Паводле Марыюса Няманеса, пэрспэктыва Літвы ў справе далучэньня да Шэнгенскага пагадненьня вызначаецца не раней як у 2007–2008 гадах.

Гэткім чынам, на сёньня кошт аднаразовай літоўскай візы для беларусаў па-ранейшаму складае 20 эўра, шматразовай 35 эўра, тэрміновых — 45 і 60 эўра адпаведна.

Беларускае дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Літве за кошт высокіх консульскіх збораў на свае паслугі толькі летась зарабіла каля 3 мільёнаў даляраў.

Кошт латвійскіх консульскіх паслугаў для жыхароў Беларусі цяпер складае 35 эўра за аднаразовую і 70 за шматразовую візы. Кошт аднаразовай візы ў Польшчу — 6 даляраў, двухразовай 10, шматразовай 30 даляраў незалежна ад тэрміновасьці яе выдачы. Для грамадзянаў Польшчы паездка ў Беларусь каштуе даражэй на некалькі даляраў. Акрамя таго, беларускае прадстаўніцтва ў Польшчы захоўвае ранейшую практыку дадатковай аплаты за выдачу візы тэрмінова. Больш высокія цэны візаў для грамадзянаў замежных краінаў у Беларусь, чым беларускім у замежжа, захоўваюцца таксама ў дачыненьнях Беларусі з шэрагам іншых краінаў сьвету.
XS
SM
MD
LG