Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзначаліць факультэт журналістыкі БДУ?


Ігар Карней, Менск Амаль месяц застаецца без гаспадара кабінэт дэкана факультэту журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту. Звольнены распараджэньнем рэктара БДУ Васіля Стражава ранейшы кіраўнік журфаку Васіль Вараб’ёў працаўладкаваны на катэдры сацыялёгіі. Сярод прэтэндэнтаў на вакантнае крэсла нямала ахвотных зь ліку цяперашніх супрацоўнікаў факультэту, але ніхто не выключае, што ім дашлюць кіраўніка зусім зь іншай установы.

Сярод найбольш рэальных кандыдатаў на пасаду дэкана называюць прэсавага сакратара Міністэрства адукацыі Віктара Іўчанкава і былога супрацоўніка Беларускага тэлебачаньня, цяперашняга намесьніка дэкана Яўгена Дзьмітрыева. Аднак ніхто не выключае, што рашэньнем рэктара Васіля Стражава ў апошні момант можа быць прызначана зусім іншая асоба, не з журналісцкага асяродзьдзя.

Што да звольненага Васіля Вараб’ёва, то супрацоўнікі журфаку адгукаюцца пра яго як пра добрага арганізатара і ўвогуле здольнага прафэсіянала. Аднак яшчэ мінулым летам гэтае меркаваньне аспрэчыла адмыслова створаная дзеля ацэнкі дзейнасьці факультэту грамадзкая камісія ў складзе прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі і кіраўнікоў некаторых афіцыйных выданьняў, якая вынесла свой вэрдыкт: на журфаку нібыта рыхтуюць ня тыя кадры, якія запатрабаваныя ў сучасных умовах. Менавіта тады зьявіліся размовы пра хуткае адхіленьне Васіля Вараб’ёва. Фактычна ж яму дазволілі дапрацаваць да леташняга кастрычніка, калі журфак адзначыў 60-годзьдзе свайго заснаваньня. На юбілей, дарэчы, папрыходзілі ня толькі ўладкаваныя ў дзяржаўных установах былыя выпускнікі.

Адначасова ўзьніклі размовы аб магчымай ліквідацыі факультэту ўвогуле: супрацоўнікі пацьвярджаюць, што дагэтуль абмяркоўваюцца варыянты пераводу творчай часткі навучэнцаў у Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце, а тэхнічнай — у Менскі паліграфічны каледж. А значыць, у гэтым зьвязку мары пра новы будынак журфаку, які шмат гадоў узводзіцца на вуліцы Кальварыйскай, могуць ня зьдзейсьніцца. Дарэчы, той даўгабуд “адваяваў” для факультэту якраз Васіль Вараб’ёў.

Палітычная і грамадзкая актыўнасьць былых і цяперашніх супрацоўнікаў Белдзяржуніверсытэту ўжо выклікала шэраг кадравых зьменаў у структуры гэтай ВНУ. Пасьля зьяўленьня ў газэце “Народная воля” “Звароту да беларускага народу” звольненыя аднадумцы былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна — Павал Бычкоўскі і Аляксандар Рухля. А ў зьвязку з актыўнасьцю пісьменьнікаў ды паэтаў, якія зьвяртаюцца да міжнароднай грамадзкасьці з нагоды пагрозы высяленьня з Дому літаратара, пазбаўленыя працы выкладчыкі філялягічнага факультэту БДУ Алесь Пашкевіч і Алег Лойка. І, на думку спадара Пашкевіча, звальненьняў у БДУ бліжэйшым часам будзе яшчэ больш.
XS
SM
MD
LG