Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Нямеччыны абвяргае інфармацыю, якая прагучала на БТ


Юры Дракахруст, Прага Сёньня пасольства Нямеччыны распаўсюдзіла заяву, у якой абвяргаюцца абвінавачваньні Беларускага тэлебачаньня на адрас Фонду імя Адэнаўэра.

У перадачы Першага нацыянальнага каналу "У цэнтры ўвагі", якая выйшла ў эфір 13 лютага, сьцьвярджалася, што фонд выдаткуе ў Беларусі на гэты год каля 50 тысячаў эўра на апазыцыйную прапаганду.

“Зноў жа, не наўпрост, а праз пасрэднікаў у Польшчы. Пытаньне, ці плацяць з гэтых грошай падаткі, застаецца рытарычным”, — гаварылася ў перадачы.

“Гэтыя сьцьвярджэньні не адпавядаюць сапраўднасьці”, — адзначаецца ў абвяржэньні, якое распаўсюдзіла нямецкае пасольства. — Фонд імя Конрада Адэнаўэра падаў рэгістрацыйныя дакумэнты ў кампэтэнтнае ведамства Беларусі летам 2004 году. Мэтай фонду зьяўляецца пашырэньне партнэрскіх стасункаў паміж Нямеччынай і Беларусьсю і падтрымка трансфармацыйных працэсаў у Беларусі. У беларускае ведамства, якое адказвае за рэгістрацыю, было пададзена дакладнае апісаньне плянаванай працы, прынцыпаў і мэтаў Фонду імя Конрада Адэнаўэра ў Беларусі. Заява аб рэгістрацыі ўяўляе сабою пераканаўчы доказ таго, што Фонд імя Конрада Адэнаўэра жадае працаваць у Беларусі празрыста, у тым ліку і для падатковых органаў Беларусі”– гаворыцца ў дакумэнце.

Амбасада Нямеччыны таксама адзначае, што Фонд Адэнаўэра мае свае прадстаўніцтвы ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю дзяржавах.
XS
SM
MD
LG