Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У каго адвага, у таго й перавага


Тацяна Козік, Полацак Новая перадача сэрыі “Магія мовы”

Калі я вучылася на апошнім курсе Віцебскага тэхналягічнага інстытуту, а было гэта ў мінулым стагодзьдзі за савецкім часам, на адкрыцьцё выставы нашых студэнцкіх прац прыехалі тагачасныя кіраўнікі Саюзу мастакоў. Яны высока ацанілі нашыя творы і з бацькоўскім клопатам у голасе паведамілі пра гэта ў сваіх выступах перад студэнтамі.

Тады я, набраўшыся сьмеласьці, спытала ў высокіх гасьцей: а чаму не бывае ў нашым інстытуце разьмеркаваньня ў абласны філіял мастацкага камбінату? Госьці, разгубленыя ад гэткага нахабнага пытаньня, адказалі, што ім патрэбны маладыя кадры ў рэгіёнах і такое разьмеркаваньне магчымае, трэба толькі атрымаць рэкамэндацыю ад абласнога аддзяленьня Саюзу мастакоў. Празь нейкі час я наведала паседжаньне рады абласнога аддзяленьня і прынесла з сабой свае мастацкія працы. Рада ўхваліла мае спробы і дала мне рэкамэндацыю.

Такім чынам, упершыню выпускнік Віцебскага тэхналягічнага быў разьмеркаваны ў мастацкі камбінат. Прачуўшы пра гэта, мой настаўнік, мастак Анатоль Ізаітка, сказаў: “Ваўка ногі жывяць”. А я ўпэўнілася: у каго адвага, у таго й перавага.
XS
SM
MD
LG