Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 24 лютага


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 24 лютага

“Беларуская крыніца”, 1935 год:

“У Вільню прыйшла вестка, што Браніслава Тарашкевіча, які прабываў у Маскве, бальшавікі растралялі. Адна рыская газэта, некалька дзён таму, падала вестку, што Рак-Міхайлоўскі і Дварчанін, якія былі бальшавікамі сасланыя, так-жа растраляны… Калі Браніслаў Тарашкевіч сядзеў у польскай турме, бацька Браніслава, стары Адам Тарашкевіч, тады выразіўся аб палітычнай дзейнасьці свайго сына так: — “зьвязаўся з нехрысьцямі і прапаў за нішто”.

“Вечерний Минск”, 1975 год. Сьпявачка Тамара Ніжнікава пра сяброўства артыстаў опэры з калектывам Менскага аўтазаводу:

“Пачыналі з таго, што наведалі цэхі, пазнаёміліся зь людзьмі, з вытворчасьцю. Зь цікавасьцю даведаліся, чым жывуць рабочыя, што іх хвалюе. Ну і канечне, выступалі з канцэртамі. Рабочыя прыходзілі ў тэатар, глядзелі спэктаклі. Іх таксама цікавіла нашае жыцьцё. Нам радасна, што некаторыя артысты ўвайшлі ў рабочую сям’ю — яны залічаны ганаровымі членамі брыгад камуністычнай працы. Завод заснаваў штогадовыя прэміі артыстам”.

“Звязда”, 1995 год. Да 60-годзьдзя Рыгора Барадуліна Генадзь Бураўкін:

“Барадулінскае слова прагна чэрпае з народных скарбаў. Яно нясе ў сабе і мудрасць, і памяркоўны беларускі характар, і шматзначнасць, і гуллівасць, і вуглаватую калючасць, і пяшчотную мяккасць, і далучанасць да сучаснай сусветнай культуры. І звычайна яно вельмі да месца, натуральнае і мускулістае, у добрым паяднанні з небудзённаю думкаю. Яно неадольна вабіць да сябе непакалечаную душу і чуйнае вуха, бязлітасна смеючыся з той пошлай і даўкай “трасянкі”, што нахабна захапіла апошнім часам тэлевізійны і радыёэфір і якой той-сёй з недавучаных палітыкаў гатовы надаць амаль дзяржаўны ранг”.
XS
SM
MD
LG