Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“День Защитника Отечества” на самой справе зьяўляецца сьвятам абаронца не айчыны, а таго палітычнага рэжыму, які пануе на час сьвяткаваньня”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 23 лютага 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Добры вечар, Радыё Свабода! Вось толькі што праслухала Шынкара, які выступаў па пытаньню карупцыі. Але ж слухаеш яго і дзіву даесься. Гаварыў ён кругом і навокал. Чаму ж ён не сказаў пра нашых высокапастаўленых асобаў з адміністрацыі прэзыдэнта, тую Жураўкову, якая ўкрала са сваімі паплечнікамі 3 мільёны даляраў? Яе нават яшчэ і не пасадзілі, ня ведаюць, дзе яна дзелася. Ці пра тога Рыбакова, які скраў вялікую суму? Чаму не гавораць пра іхняе маральнае аблічча? Чаму яны маглі займаць такія пасады? Ня кажуць пра гэта, усё ж гэта хаваецца за нейкай там завесай таямніцы. Слухаеш і становіцца горка і сорамна за такія інфармацыі!”

(Спадар: ) “Паважанае Радыё Свабода! Толькі тыя грамадзяне Беларусі, якія не разумеюць геаграфічна-эканамічна і палітычнае становішча Беларусі, толькі тыя будуць казаць, што патрэбна Беларусі армія. Гістарычныя факты Японіі і Германіі, якія адбыліся 60 гадоў таму, пацьвярджаюць, якога росту і дабрабыту дасягнулі краіны, дзе адсутнічае армія. Тым больш гістарычныя факты, якія адбываліся ў нас, пацьвярджаюць непатрэбнасьць арміі на беларускай зямлі ўвогуле”.

(Зіноўеў: ) “Хацеў бы сказаць наконт рэклямнага плякату для апазыцыі. Здаецца, назва зь сёньняшняй “Народнай Волі” – “Перамены абавязкова адбудуцца!” можа падысьці”.

(Спадар: ) “Паважаны правадыр беларускага народу, Аляксандар Рыгоравіч! Мне ўжо надакучыла слухаць твае байкі, якімі пічкае мяне тваё ТБ і твае “сьвісткі”, такія як “Савецкая Беларусь”, “Рэспубліка” і іншыя газэты. Няўжо ў цябе няма аналітыкаў? Ты мне ўжо надакучыў! Надакучыў ты мне, Аляксандар Рыгоравіч! Разумееш? А ты мне ўсё: “Вакол ворагі!” Ворагі ў Расеі, у Польшчы – ворагі, у Літве ворагі. А хто ты сам? Чаму ты ў іх дыялёга не патрабуеш, каб мы разабраліся, хто ты, а хто яны? Жыве Беларусь!”

(Майсеенка Генадзь: ) “Сёньня ў дзень так найменнага “Абаронцы Айчыны”, а па сутнасьці дзень ганьбы і паразы Чырвонай арміі і Савецкай арміі, мне жадаецца ўсім, каму сёньня за 40, даць такі вэрдыкт. Паважаныя суайчыньнікі! 8 траўня – гэта дзень перамогі, 9 траўня – гэта дзень аднаўленьня бальшавіцка-фашысцкай акупацыі на Беларусі, 23 лютага – дзень ганьбы Савецкай арміі, а значыць, і зараз сучаснага беларускага войска. Таму сучасныя малыя і юнакі маюць поўнае маральнае права ня толькі даць нам у морду ці прыбіць нават, будзь то герой Савецкага Саюзу, ці мой брат аўганец, ці звычайны вайсковец, бо мы, асабіста той, хто ўхваляе Сталіна і прыхільнікі Лукашэнкі, па сутнасьці пазбавілі іх нармалёвага дзяцінства і зьнішчылі іх будучыню, зрабілі закладнікамі нашай дэбільнасьці і халопства, бо ўсе вінаватыя. Таму трэба пакаяцца ня толькі прад Богам, але і перад дзецьмі, паважаныя дарагія. Гэта наш крыж, даражэнькія”.

(Спадар: ) “Сьвята пад назвай “День Защитника Отечества” сваёй назвай не адпавядае сваёй сутнасьці і праўды гісторыі. У гэты дзень у 1918 годзе не адбылося што-небудзь такога, што б заслугоўвала рабіць сьвята. У гэты дзень 23 лютага 1918 году Чырвоная армія была разьбітая пад Псковам і Нарвай, а нам кажуць пра нейкую перамогу. Хлусьня цягнецца больш за 85 год. І сёньня, як заўсёды, пануе хлусьня. “День Защитника Отечества” на самой справе зьяўляецца сьвятам абаронца не айчыны, а таго палітычнага рэжыму, які пануе на час сьвяткаваньня”.

(Мехавіч: ) “Хачу павіншаваць усіх слухачоў Свабоды зь Днём Абаронца Айчыны! У гэты дзень у пачатку 1944 году пачала стварацца Беларуская краёвая абарона”.

(Васіль Мікалаевіч: ) “Мае вельмі добрыя старыя знаёмыя жывуць у Францыі ўжо шмат год. І вось свайго малодшага сына, які, дарэчы, там нарадзіўся, зараз яму тры гады, яны выхоўваюць выключна на беларускай мове. І яны папрасілі, каб я купіў і даслаў ім некалькі беларускамоўных кніжак для сына, на яго ўзрост. І ведаеце, я наведаў нашыя маладэчанскія кнігарні, кірмашы і, на вялікі жаль, я нічога там не знайшоў такога, што магло бы быць зразумелым для такога дзіцяці. Справа ў тым, што такіх кніжак няма, а тое, што ёсьць, прабачце мяне… Вось у якой непрыемнай сытуацыі я апынуўся. І сказаць, што няма беларускіх дзіцячых кніжак, сорамна, сорамна за такую сытуацыю”.

(Спадар: ) “Добрай раніцы! Я хачу выказацца наконт учорашняй нарады, крыклівай, як заўжды. На гэтай нарадзе Лукашэнка кажа, што Беларусь абвінавачваюць у тыраніі, называюць рассаднікам тыранства. Ды не Беларусь, не Беларусь абвінавачваюць, ён ніяк зразумець ня можа. Пра яго гаворка ідзе! Гэта ён тыран, і яго крытыкуюць, пра яго кажуць – вось гэта ён зразумець ня можа і прыплюсоўвае да сябе Беларусь і беларускі народ. Ніякіх адносінаў мы ня маем да таго, што ён вытварае, а што ён вытварае – гэта жахліва, гэта ўсім вядома”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG