Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрадукцыйнае здароўе беларусак штогод пагаршаецца


Галіна Абакунчык, Менск Афіцыйная статыстыка паведамляе, што у мінулым годзе ў 77% цяжарных жанчын былі выяўленыя разнастайныя паталёгіі здароўя. Паводле Міністэрства аховы здароўя, паталёгія цяжарнасьці ў Беларусі павялічваецца штогод.

Чым тлумачыць афіцыйная мэдыцына пагаршэньне здароўя будучых маці? Перадусім мэдыкі адзначаюць, што гэта, нібыта, усясьветная тэндэнцыя, выкліканая агульным пагаршэньнем экалёгіі, актыўным распаўсюдам такіх захворваньняў, як СНІД і заганных звычак кшталту паленьня, наркаманіі й п’янства. Што маці цяперашніх немаўлят старэйшыя, чым парадзіхі мінулых гадоў, а з узростам рэпрадукцыйнае здароўе жанчыны пагаршаецца. Праўда, айчынныя мэдыкі прызнаюць, што статыстыка паталёгіі цяжарнасьці сьведчыць не на карысьць Беларусі. Чаму? Вось як гэта патлумачыла галоўны акушэр-гінэколяг Міністэрства аховы здароўя Вольга Перасада:

(Перасада: ) “Што вы, ня ведаеце нашае жыцьцё? Стрэсы, дрэннае харчаваньне, нізкая санітарная культура. Жанчына павінна за сабой сачыць. Акрамя таго, захворваньні пачалі лепш выяўляць. Да прыкладу, вы носіце акуляры, а гэта ўжо паталёгія цяжарнасьці. Проста дасканала праводзіцца дыягностыка, дзякуючы разьвіцьцю сыстэмы аховы здароўя. Таму натуральна, што гэты адсотак і расьце”.

Паводле спадарыні Перасады, натуральна, што нездаровыя маці ня могуць нарадзіць здаровых нашчадкаў. Так, за апошнія 10 гадоў колькасьць захворваньняў сярод малых павялічылася амаль удвая. Але адначасна і сьмяротнасьць немаўлятаў у веку аднаго году таксама зьнізілася удвая і цяпер складае 7 выпадкаў гібелі на 1000 дзяцей.

Ці падзяляюць пазыцыю афіцыйнай мэдыцыны пра высокую ступень аховы здароўя маці й дзіцяці прадстаўнікі грамадзкасьці, ці пагаджаюцца яны зь меркаваньнем, што здароўе немаўляці й ягонай маці збольшага залежыць ад самой жанчыны?

У пэўнай ступені на гэтае пытаньне адказвае афіцыйная статыстыка: да прыкладу, у мінулым годзе 22% сем’яў, якія маюць дзяцей былі няпоўнымі. Многія з гэтых дзяцей нарадзіліся па-за шлюбам, а гэта праблема ня толькі жанчыны. Дык вось гэтыя адзінокія маці падчас цяжарнасьці мусілі шмат працаваць, каб забясьпечыць магчымасьць нараджэньня свайго дзіцяці, што наўрад ці дадало здароўя абодвум.

Нязгодныя прадстаўнікі грамадзкасьці й з тым, што здароўе маці й дзіцяці, а таксама ўсіх жанчын рэпрадукцыйнага ўзросту, знаходзяцца пад пільным кантролем айчыннай мэдыцыны. Так, лідэрка жаночага руху за дэмакратыю Людміла Пеціна была адной з экспэртаў адпаведнай праграмы дасьледаваньняў у гэтай галіне. Вось што яна паведаміла ў інтэрвію Свабодзе:

(Пеціна: ) “Дрэннае мэдычнае забесьпячэньне – гэта як адзін з фактараў: дарагія лекі, большасьць паслугаў таксама не бясплатныя. У сельскай мясцовасьці доступ да мэдычных паслугаў увогуле значна пагоршыўся. І ўвогуле да рэпрадукцыйнага здароўя жанчыны ў дзяржаве няўважлівае стаўленьне. Па-другое, гэта перанапружанасьць жанчын на працы, бо ўлічваючы, што жанчыны атрымоўваюць меншыя заробкі, чым мужчыны, многім да апошняга месяца цяжарнасьці даводзіцца працаваць і ня толькі на адной, а на некалькіх працах. Трэцяе – гэта, безумоўна, дрэннае харчаваньне й дэпрэсіўны стан, бо ніводная маці ня можа быць упэўненай у будучыні свайго дзіцяці”.

Паводле спадарыні Пецінай, гэтыя тэндэнцыі будуць працягвацца й надалей да тае пары, пакуль у краіне ня будуць кардынальна перагледжаныя сацыяльныя прыярытэты. А на сёньня найперш неабходны перагляд бюджэту ў справе пераразьмеркаваньня на карысьць сыстэмы аховы здароўя Маці й дзіцяці. На сёньня ж Міністэрству аховы здароўя даводзіцца плян аб забесьпячэньні ня менш за 30% платных паслугаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG