Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці засталося адно рыэлтарскае агенцтва з дваццаці


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

“Свободные новости плюс” публікуюць інтэрвію амбасадара ЗША ў Беларусі Джорджа Крола “Беларуская памяркоўнасьць – гэта сіла, вытрымка, жыцьцялюбнасьць і імкненьне да свабоды”. Амбасадар ня любіць кока-колу – аддае перавагу кефіру, які на жаль, не вырабляюць у Амэрыцы. Спадар Крол лічыць, што гамбургеры – гэта шкодна, а варэнікі і дранікі куды лепш!

“Брестский курьер” зьмяшчае артыкул “Ад спэцслужбаў не ўцячэш. Дзьве вэрсіі аднаго затрыманьня”. Па вэрсыі КДБ, жыхар Кобрына Аляксандар Казарэз падазраецца ў вырабе фальшывых дакумэнтаў для атрыманьня палітычнага прытулку за мяжой. Не для сябе, а для жыхаркі Берасьця. Узбуджаныя дзьве крымінальныя справы па артыкуле “махлярства”.

“Дэфіцыт рыэлтараў на рынку”. Пасьля ўступленьня ў сілу пастановы Саўміну наконт атэстацыі і атрыманьня ліцэнзіяў у Берасьці засталося адно рыэлтарскае агенцтва з 20.

Гэту тэму працягвае і “Комсомольская правда” в Белоруссии”. У Міністэрстве юстыцыі трымалі экзамэн 340 чалавек, амаль дзьве сотні з трэскам праваліліся. Пасьведчаньні аб атэстацыі атрымалі 147 рыэлтараў, а новыя ліцэнзіі – толькі 32 агенцтвы нерухомасьці. Але на кішэні кліентаў гэта не адбілася: па-ранейшаму рыэлтарскія паслугі каштуюць ад 800 даляраў і вышэй.

Слуцкі “Инфо-курьер” паведамляе пра тое, як мясцовыя ўлады вырашылі забараніць продаж у горадзе сталічнага хлеба, які быў больш якасны. Маўляў, купляйце сваё! Мясцовыя хлебапёкі засвоілі выпечку хлябоў новых гатункаў – “Барадзінскага”, “Для гурманаў”, “Далікатэснага” з грэцкімі арэхамі, чарнасьлівам і курагой. Кажуць, што цяпер слуцкі хлеб смачнейшы і значна таньнейшы за менскі, і сталічныя гандлёвыя арганізацыі спрабуюць наладзіць пастаўкі яго ў Менск.

“Газэта Слонімская” распавядае пра рэкорды на жывёлагадоўчых фэрмах Дзятлаўскага раёна. На фэрме “Зачэпічы” сярэднясутачны прывес бычка склаў ажно 12 кіляграмаў 700 грамаў, а на Пагірскай фэрме бык на адкорме штодня прыбаўляў у вазе 5 з паловаў кіляў. Уяўляеце, якія там павінны быць быкі! Але Гарадзенскі абласны камітэт дзяржкантролю высьветліў, што такія шалёныя прывесы існуюць толькі на паперы.

78-гадовы шчучынец Уладзімер Глаз вырашыў аднавіць Палац князёў Друцкіх-Любецкіх, унікальны помнік архітэктуры 19 стагодзьдзя. Куды толькі не зьвяртаўся пэнсіянэр па дапамогу: пісаў лісты Пуціну, міністру абароны Расеі, міністру культуры Польшчы, міністрам культуры і адукацыі Беларусі, ня раз быў у прыёмнай у прэзыдэнта. І, як ні дзіўна, сродкі пакрысе знаходзіць, паведамляе “Газэта Слонімская”.
XS
SM
MD
LG