Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хто абароніць Верхні горад?


Галіна Жарко, Менск Гістарычны цэнтар Менску канчаткова страціць аўтэнтычны выгляд, калі будзе рэалізаваны праект рэканструкцыі й забудовы Верхняга гораду. Гэтак лічаць спэцыялісты – гісторыкі й мастацтвазнаўцы, якім ужо ня ўпершыню даводзіцца выступаюць супраць вандалізму адносна архітэктурнай спадчыны. Цяпер варункі значна горшыя, чым гэта было раней, калі грамадзкасьць уздымалася на абарону гістарычных каштоўнасьцяў.

Што найбольш небясьпечнае ў цяперашніх плянах? Паводле новага праекту рэканструкцыі Верхняга гораду, тры чвэрці будынкаў у ахоўнай зоне – новабудоўлі. А гэта значна горш, чым знос старых будынкаў. Тады заставалася пустка, і заставалася надзея, што часы зьменяцца й страчаны будынак можна будзе аднавіць. Зараз такой надзеі адносна аднаўленьня, напрыклад, знакамітага тэатру, дзе была першая пастаноўка “Ідыліі”, няма, бо вакол гэтага месца зьявілася агароджа й выстаўлены пляншэт з выяваю гатэлю “Эўропа”, які тут хутка зьявіцца. Зрэшты, аўтар ухваленага прэзыдэнтам аднаго з чатырох праектаў рэканструкцыі Зьміцер Бубноўскі не хавае прадвызначанасьці пабудовы гатэлю на месцы тэатру:

(Бубноўскі: ) “Гатэль “Эўропа” знаходзіцца за межамі гістарычнага цэнтра, вызначанага пад конкурс. Усімі канкурсантамі яна ўспрымалася як дадзенасьць. Сумленна кажучы, гэтая праца не разглядаецца, як аднаўленьне”.

Абарона колішняга тэатру ад зносу даўно ператварылася ў легенду. Няўжо нацыянальна сьвядомая грамадзкасьць не праяўляе цяпер ранейшае ініцыятывы? Ёсьць, напрыклад, прыватная ініцыятыва мастацтвазнаўца Сяргея Харэўскага, які разаслаў лісты ў дзяржаўныя ўстановы, адказныя за зьберажэньне спадчыны. Такіх установаў ён налічыў болей за 30. Адказ прыйшоў толькі з Палаты прадстаўнікоў. Ліст з крытыкаю праекту рэканструкцыі там быццам бы прынялі да разгляду.

Але цяпер нічога аспрэчыць, як гэта было нават у брэжнеўскія часы – немагчыма, бо альтэрнатыўнае меркаваньне проста няма дзе выказаць. Некалі клюб нефармальнай моладзі “Талака” здольны быў уздымаць грамадзкую думку. Тады, напрыклад, у “Вячэрнім Менску” апублікавалі праекты рэканструкцыі Цэнтральнае плошчы. Фантан “Хлопчык зь лебедзем”, напрыклад, у пляны тае рэканструкцыі не ўваходзіў.

Пры гарвыканкаме існавала архітэктурная сэкцыя па ахове помнікаў, у рабоце якой удзельнічаў мастак-архітэктар Віктар Сташчанюк. Ён успамінае, як змагалася тады інтэлігенцыя. Уладзімер Караткевіч неаднаразова ўдзельнічаў у абмеркаваньнях у Менскпраекце і пераконваў чыноўнікаў.

(Сташчанюк: ) “Калі я ўбачыў яго там, я падумаў – вось які ён чалавек. Перажывае за ўсё. Ён выступаў і зьвяртаўся да архітэктараў – не чапайце, што ў нас яшчэ засталося пасьля вайны. Для вас гэта ня мае каштоўнасьці, а для нас гэта каштоўнасьць. Таму што гэта наша гісторыя. Зьбіралі подпісы. Адна дзяўчына-фізык сабрала 180 подпісаў толькі адных фізыкаў у Соснах. Яе выклікалі ў КГБ і адчытвалі – што гэта вы робіце, вы камсамолка. Калі б цяпер такое грамадзкае абмеркаваньне, было б шмат людзей, якія б выступалі супраць. Але я не думаю, што будуць рабіць нейкае грамадзкае абмеркаваньне. Ёсьць вышэйшая думка”.

Віктар Сташчанюк – аўтар сэрыі літаграфіяў “Верхні горад”. Ён замаляваў некалі ўсе будынкі, якія захаваліся й зрабіў рэканструкцыю як выглядала колісь гэтая частка Менску. Пра цяперашні праект рэканструкцыі Віктар Сташчанюк чуў, і нават здолеў, зазірнуўшы ў шкляную пірамідку, дзе выстаўленыя малюнкі, пабачыць, як будзе выглядаць рэканструкцыя. Ягонае думкі ніхто не запытаўся.

Дарэчы, рупліўцам у справе абароны архітэктурнай спадчыны імя Зьмітра Бубноўскага – сумна вядомае, бо ён доўга ачольваў Камітэт па справе захаваньня гісторыка-культурнае спадчыны і гістарычныя будынкі зносіліся зь ягонае згоды. А цяпер менавіта ён адзін з аўтараў праекту рэканструкцыі Верхняга гораду. І небясьпека цяпер у засваеньні – забудове гістарычнае тэрыторыі. Максымальнае выкарыстаньне плошчы з мэтай выцягваньня максымальных фінансавых прыбыткаў.
XS
SM
MD
LG