Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговую партыю расейскіх журналістаў пазнаёмяць зь “беларускім цудам”


Ігар Карней, Менск На сёньня заплянаваны чарговы дэсант у Беларусь журналістаў з Расеі. Летась такіх групаў, якія налічвалі ад двух да чатырох дзесяткаў прадстаўнікоў фэдэральных і рэгіянальных мас-мэдыяў, было шэсьць – такім чынам, расейцы стабільна зьяўляліся ў сталіцы і рэгіёнах раз на два месяцы. Сёлета гэта першая партыя гасьцей, але, як кажуць у Нацыянальным прэсавым цэнтры – не апошняя.

Такія групы складаюцца ў сярэднім чалавек з 30 і, што ўжо зьвяртае на сябе ўвагу, пэрсанальна каманды зьмяняюцца неістотна. Як выказаўся адзін калега-журналіст, па сутнасьці, сфармавалася каманда “штатных падарожнікаў”, якія ня толькі ня супраць пагасьцяваць за кошт беларускага боку, але і зарабіць, бо такіх грошай падчас камандзіровак у Расеі ніхто не дасьць – 45 даляраў на суткі. А прыяжджаюць найменей на 3-4 дні. Дарэчы, сёньня расейцаў павязуць наўпрост на Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне. Астатні графік удакладняецца.

Тое, што расейскія журналісты зьяўляюцца ў Беларусі рэгулярна, штурхае да простай высновы: іх запрашаць выгадна, нават нягледзячы на значныя фінансавыя выдаткі. Тым больш што ў масе сваёй гэта альбо так званыя “саюзныя выданьні” (агенцтва “Союз-инфо”, “Российская федерация”, тэлекампанія “Мир”), альбо прадстаўнікі рэгіёнаў, якія ў вялікай ступені сымпатызуюць цяперашнім беларускім уладам.

Крытычны погляд на падзеі ў Беларусі ў такіх выданьнях адсутнічае, у чым давялося пераканацца, размаўляючы з прадстаўнікамі гэтых мас-мэдыяў. А калі журналістаў прымаюць яшчэ на вышэйшым узроўні, у прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі, то максымальны посьпех забясьпечаны.

Зрэшты, прыяжджаюць у Беларусь і паасобку – некаторы час таму ў Менску здымаў праграму “Свабода слова” з удзелам Аляксандра Лукашэнкі былы ўжо журналіст каналу НТВ Савік Шустар. Менавіта ў яго я пацікавіўся: чым, на яго погляд, так прываблівае Лукашэнка аўдыторыі, уключна і журналісцкую?

(Шустар: ) “Мне цяжка казаць пра вашага прэзыдэнта, але ён разумее адну простую рэч… Паколькі ён усё ж палітык папулісцкага толку, то падобны на такіх палітыкаў, як, да прыкладу, Жырыноўскі, які вельмі добра адчувае плебс – менавіта плебс. Лукашэнка таксама гэта вельмі добра адчувае. Да таго ж, Лукашэнка ведае, што ён у Расеі вельмі многім падабаецца”.

Дарэчы, на падобныя візыты досыць скептычна глядзяць і ў самой Расеі. Так, праваабаронца Сяргей Кавалёў лічыць, што, па прыкладу Беларусі, расейскія ўлады паступова манапалізуюць мэдыйны рынак, усталёўваючы кантроль над інфармацыяй. Таму адрозьніць расейскі і беларускі інфармацыйны прадукт усё цяжэй.

(Кавалёў: ) “У Расеі справа са свабодай слова вельмі кепская. Што крамлёўская адміністрацыя хацела, яна насамрэч ужо і зрабіла. Яны ж будуюць дэмакратыю, якой можна кіраваць, дык вось яны ўжо маюць такі суд, такую ж прэсу. І той узровень кіраванасьці прэсай, якога яны дасягнулі, цалкам павінен расейскія ўлады задавальняць”.

Афіцыйна візыты расейскіх журналістаў праходзяць як пастаянна дзейны сэмінар для прадстаўнікоў расейскіх СМІ, і фармальна паездкі фінансуе так званы Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Зьдзіўляе ж у гэтым сэнсе пэўная аднабокасьць: робіцца гэта выключна на беларускім досьведзе, тады як аналягічных падарожжаў беларускіх журналістаў у Расею не прадугледжана.
XS
SM
MD
LG