Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады і простыя людзі па-рознаму рэагуюць на стварэньне грамадзкага руху “Воля народа”


Уладзімер Глод, Менск Пасьля абвяшчэньня ў Беларусі аб стварэньні грамадзкага руху “Воля народа” высьвятляецца, што ўладныя структуры і звычайныя людзі зусім па-рознаму ўспрымаюць гэтую зьяву. З аднаго боку, пачаліся звальненьні з працы ініцыятараў стварэньня руху, з другога – жыхары краіны выказваюць ім шырокую падтрымку. Якія факты ціску на падпісантаў ўжо сталі вядомыя?

Як вядома, каардынатарам новага грамадзкага руху зьяўляецца былы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандар Казулін. Таму невыпадкова, што сярод тых, хто падпісаў зварот да беларускага народа, шмат супрацоўнікаў БДУ. Яны ж знаходзяцца і ў сьпісе першых пацярпелых.

Кіраўнік упраўленьня міжнародных сувязяў Белдзяржунівэрсытэта Аляксандар Рухля са ўчорашняга дня ўжо – былы кіраўнік. Ён сам не зьбіраўся пакідаць пасаду, але быў вымушаны гэта зрабіць. І вось як ён тлумачыць, чаму гэта адбылося:

(Рухля: ) “Мяне запрасіў рэктар да сябе і паставіў пытаньне пра тое, што я падпісаў зварот да народа. Пытаньне было канкрэтнае: або я пакідаю сваю пасаду, або я мушу забраць свой подпіс назад. Я сказаў, што подпіс я забіраць ня буду. Размова была больш шырокая, прынамсі, гаварылі пра тое, што і мой сын вучыцца ва ўнівэрсытэце й г.д. Самі разумееце, калі справа ідзе пра дзяцей, дык ня хочацца іх падстаўляць. І таму я пагадзіўся быць звольненым з унівэрсытэту па згодзе бакоў. Я працаваў на кантракце як кіраўнік упраўленьня, а для разрыву кантракту дастаткова згоды двух бакоў. Па згодзе бакоў кантракт быў разарваны са мной, і – усё”.

Я спрабаваў паразмаўляць асабіста з рэктарам унівэрсытэту Васілём Стражавым, каб атрымаць яго тлумачэньні – тым больш, што ў аналягічнай сытуацыі апынуўся і дырэктар студэнцкага гарадка БДУ Павал Бычкоўскі, чый подпіс таксама стаіць пад “Зваротам да беларускага народа”. Да таго ж, быццам падрыхтаваныя ўжо дакумэнты аб звальненьні з БДУ старшыні Саюза пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча і члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук Алега Лойкі, якія выкладаюць на філялягічным факультэце.

Нейкія спадзяваньні на тое, што размова з рэктарам унівэрсытэту бліжэйшым часам адбудзецца, у мяне застаюцца. Сакратарка зь ягонай прыёмнай размаўляла са мною вельмі ветліва і абяцала перадаць спадару Стражаву маю просьбу:

(Сакратарка: ) “Рэктара няма, і ўжо сёньня ня будзе. Раніцай ў яго нарада. Калі ласка, пакіньце свой кантактны тэлефон. Я ўдакладню ў Васіля Іванавіча заўтра, калі ён зможа з Вамі паразмаўляць”.

Афіцыйная рэакцыя ўжо бачная. А як рэагуюць на ўтварэньне руху “Воля народа” звычайныя жыхары Беларусі? Ва ўчорашнім нумары “Народнай волі” надрукаваныя кантактныя тэлефоны некалькіх асобаў, якія зьяўляюцца каардынатарамі руху ў рэгіёнах. Сярод іх і Аляксандар Рухля, які займаецца гэтай справай у Менску. І зразумела, што падчас нашай размовы я проста ня мог не запытацца пра тое, як рэагуюць жыхары сталіцы на новую ініцыятыву. І вось што гаворыць з гэтай нагоды спадар Рухля:

(Рухля: ) “Многа звоняць, вельмі актыўна і з энтузіязмам падтрымліваюць наш народны рух, віншуюць, кажуць, што гэта добрая справа. Я думаю, што гэта сапраўдны крок для стварэньня грамадзянскага руху ў нашай краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG