Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За жалезнай заслонай Нацыянальнага тэатру опэры і балету


Галіна Жарко, Менск З 1 верасьня Нацыянальны тэатар опэры й балету зачыніцца на капітальны рамонт. Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях сьцьвярджае, што інжынэрныя камунікацыі будынку вычарпальна зношаныя, а электраабсталяваньне адпрацавала ўжо некалькі нарматыўных тэрмінаў. Пра тэатар з другога боку заслоны, якая захінае і бляск, і жабрацтва...

Аўтарства добра вядомага палітычнага тэрміна “жалезная заслона” належыць Уінстану Чэрчылю. А вось тое, што ў сучасным тэатры й сапраўды ёсьць жалезная заслона, выклікае зьдзіўленьне.

Існуе статыстыка: зь сярэдзіны XVIII стагодзьдзя за 135 гадоў у сьвеце згарэла каля 700 тэатраў, загінула ў іх больш за 10 з паловаю тысяч чалавек. У мэтах супрацьпажарнае бясьпекі й зьявілася тая сапраўдная жалезная заслона, якой гледачы ніколі ня бачаць.

Але й прыгожая вышытая тэатральная заслона опэрнага апрацаваная спэцыяльным супрацьпажарным растворам. Зрабіць гэта было вельмі цяжка, бо памеры аграмадныя – 10 мэтраў увышыню і 60 – ушырыню. Заслона шырэйшая за сцэну ў тры разы, каб зьбіраліся прыгожыя складкі.

(Міронава: ) “Мы яе павесілі ў 1967-м, і з 1967 году гэтая заслона вісіць. Зрабілі яе на нашым тонкасуконным камбінаце. Дарагі драп, зь якога паліто шыюць. Па 33 рублі савецкія. Гэта вельмі дорага. Трэба было памыць і адпрасаваць. Там жа маса якая! Драп, ён жа цяжкі”.

Пра тое, як мучыліся з заслонаю, успамінае цяперашні галоўны інжынэр унітарнага прадпрыемства “Тэатральныя майстэрні” Паліна Міронава.

(Міронава: ) “Доўга яе шылі. За двое сутак да адкрыцьця ўночы падвешвалі. Павесілі. Калі паднялі, яна аказалася на два мэтры карацейшая. Загадчык гаспадаркі думаў, што атрымае інфаркт”.

Майстрыхі, у тым ліку й Паліна Міронава, а тады яна была швачкаю, ратавалі сытуацыю ў аўральным парадку. І вось з падшытым угары кавалкам заслона пратрымалася ледзь не 40 гадоў.

Прыкладна ў той самы час, у 1964-м, беларускі тэатар опэры й балету стаў акадэмічным.

(Чамадураў: ) “Мы гэта зрабілі й страшна гэтым ганарыліся”.

Кажа тагачасны галоўны мастак Яўген Чамадураў, якому цяпер 91 год. Ягоныя ўспаміны крыху пазьней – гэты чалавек шмат зрабіў для сцэны тэатру.

* * *

Захінаючы сцэну, тэатральная заслона цяпер хавае ад гледачоў і завершанае бліскучае відовішча, і жабрацтва закуліснага сьвету.

(Байдалава: ) “Нават не падазраюць, што ён існуе. Каменны век у нейкім сэнсе. Старажытная тэхніка. Бо ні абсталяваньня, нічога... Тэатар, які быў у XIX стагодзьдзі, такім і застаўся. Кардон, пап’е-машэ, фарбы...”

Бутафор Тацяна Байдалава расказвае пра тэхналёгіі. А да столі ў брудных плямах, дзіравага лінолеўму, аблупленай фарбы, нейкіх дапатопных канапаў, дыванкоў... гэткае ўтульнасьці поўнага заняпаду ў калідорах і ўва ўсіх памяшканьнях там, за сцэнаю, вока хоць даўно й прызвычаілася, але...

(Міронава: ) “Опэрны тэатар – гэта прэстыж краіны. Ня ведаю, чаму ў нас гэтага ня цэняць. Абшарпаны такі...”

У падвале, у бутафорскім цэху, усе аб’ёмныя дэкарацыі робяць 2 чалавекі. Праца бутафора нават і фізычна цяжкая. Напрыклад, скульптуры для опэры “Тоска” ляпілі спачатку з гліны – кожная кіляў 300 – 400. Потым – пап’е-машэ...

(Байдалава:) “Мы ўвесь час манім. Абаранкі, яблыкі, садавіна... Мы ня робім прадметаў, мы робім іх вобразы. У нас ня проста гляк, гэта вобраз. Ён павінен граць на сцэне...”

(Карэспандэнтка: ) “Вы робіце тэатар...”

(Бутафор: ) “Так. У нас няма ніводнае навучальнае ўстановы, дзе б вучылі бутафораў. Трэба ня мець стэрэатыпнага мысьленьня. Думаць увесь час неардынарна. Большасьць людзей жыве па стэрэатыпах. У іх часта бываюць сытуацыі бяз выйсьця. А ў бутафораў такіх сытуацыяў не бывае”.

Ня кожная краіна можа сабе дазволіць тэатар опэры й балету. Дзяржаўныя датацыі Варшаўскаму вялікаму тэатру складаюць 20 мільёнаў даляраў на год. У Беларусі гэткая сума выдаткоўваецца на ўсё мастацтва ўлучна з самадзейным. Пры гэтым варта ўлічыць, што ў Кітаі на паўтара мільярда насельніцтва толькі 18 дзяржаўных тэатраў. У Францыі ўсяго два тэатры на дзяржаўным фінансаваньні. У Беларусі на невялікія грошы шмат прэтэндэнтаў.

Сродкаў не хапае заўсёды. У 1959-м з Масквы ў менскі опэрны галоўным мастаком запрасілі Яўгена Чамадурава.

(Чамадураў: ) “Я стары тэатральны воўк. Я бачыў сьвет опэрнага тэатру”.

У Гамбургу Яўген Чамадураў з зайздрасьцю глядзеў на фуру – гэта перасоўная пляцоўка, дзякуючы якой можна за некалькі сэкундаў цалкам зьмяніць выгляд сцэны. І галоўны мастак пачаў пераконваць кіраўніцтва.

(Чамадураў: ) “Нічога не атрымлівалася. Ня мог прабіць. Пра дробязь слухаюць, а вось гэта... То грошай няма, то жалеза няма, то заводу няма... А я ўжо добра ведаў падкілімныя правілы. І злавіў момант, калі міністра не было, каб потым сабак ня вешалі. Дырэктара не было. Званю памочніку Машэрава, кажу: “Я ў пытаньні рэканструкцыі менскага опэрнага тэатру, хацеў бы сустрэцца з Машэравым. Я ня веру, што безь ягонага ўдзелу можна ажыцьцявіць патрэбныя рэчы”.

Мастаку ўдалося сустрэцца з кіраўніком рэспублікі. Ідэя спадабалася. За аргумэнт мастак выбраў урачыстыя ўрадавыя канцэрты, якія адбываліся ў самай прэстыжнай, з выдатнай акустыкай, тэатральнай залі. Дзякуючы фуры, 700 чалавек хору маглі стаяць нерухома й сьпяваць, эфэктна выяжджаючы проста на рампу.

Але, галоўнае, фура пашырыла магчымасьці рэжысэраў, якія змаглі ажыцьцяўляць на сцэне свае грандыёзныя задумы.

(Чамадураў: ) “Мяне 20 гадоў у тэатры няма, а фура ёсьць. Ня ўсё я змог зрабіць. Хацеў, каб аркестар мог падняцца на ўзровень сцэны, сыграць увэртуру й зноў апусьціцца. Прыгожа? Не пайшлі на гэта. Хацеў зрабіць тры плунжэры – гэта пляцоўкі на сцэне, якія могуць падымацца. Таксама не далі зрабіць. Хацеў трохі каласьнікі падняць, каб паветра болей было. Казалі так: “Гэта ўсё чамадураўскія выдвары. Тэатар працаваў. І працаваў някепска ўсе гэтыя дзесяцігодзьдзі”. Але я ж разумеў, што гэта ня толькі для сёньняшняга дня, а нават і для цяперашняга часу – гэта для другога тысячагодзьдзя”.

Для таго, каб акторы з бляскам выступілі на сцэне, за сцэнаю опэрнага тэатру, захінутай ад чужых вачэй заслонаю, працуе цэлая ўнікальная вытворчасьць. Але пра яе – наступным разам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG