Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь афіцыйна паведаміла Міжнароднай фэдэрацыі, што хоча правесьці чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2010 годзе


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Беларусь афіцыйна абвясьціла пра сваё жаданьне прыняць у 2010-м годзе ўсясьветны чэмпіянат па хакеі. Адпаведнае прадстаўленьне і перадача афіцыйнай заяўкі былі зробленыя 23 лютага ў Цюрыху ацэначнай камісіі Міжнароднай фэдэрацыі хакея.

Асноўнай арэнай спаборніцтваў, калі Беларусь атрымае такое права, стане новы культурна-спартовы комплекс на 13 тысячаў гледачоў, якія зьбіраюцца будаваць непадалёку ад Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры ў мікрараёне Вясьнянка.

Макет гэтага комплексу сёньня быў выстаўлены ў Цюрыху. І хаця лічыцца, што кошт такой пабудовы можа дасягнуць аж 100 мільёнаў даляраў, прадстаўнікі Беларусі запэўніваюць: неабходныя грошы будуць знойдзеныя, і палац будзе своечасова ўзьведзены.

Што тычыцца тэрмінаў, дык тут сапраўды ніякай праблемы няма – звычайна падобныя комплексы будуюць за два гады. Магчыма, што асноўнымі будаўнікамі стануць фірмы зь Фінляндыі. Менавіта зь іх прадстаўнікамі вёў гаворку Аляксандар Лукашэнка (які зьяўляецца вялікім заўзятарам гэтай гульні) падчас нядаўняга прыезду ў Менск вялікай дэлегацыі вэтэранаў хакею краіны Суомі.

Іншая справа – грошы, але Аляксандар Лукашэнка ўжо казаў пра тое, што інвэстараў пры жаданьні знайсьці можна.

Пры разглядзе заявак таксама надзвычай важным зьяўляецца наяўнасьць неабходнай інфраструктуры. Гэта – гатэлі, рэстарацыі, экскурсійнае абслугоўваньне ды іншае. І ў гэтым сэнсе ў канкурэнтаў Беларусі шанцаў больш. А акрамя Беларусі пабачыць лепшых хакеістаў плянэты у 2010 годзе хочуць у сябе яшчэ тры краіны – Нямеччына, Славаччына да Швэцыя.

Пры ацэнцы магчымасьцяў міжнародныя экспэрты ўзгадваюць, што Нямеччына і Швэцыя ужо падавалі заяўкі на чэмпіянат 2008 году. Але потым яны зьнялі свае кандыдатуры на карысьць канадзкага Квэбэку. І такі джэнтльмэнскі крок звычайна не забываецца падчас вызначэньня гаспадароў маючага адбыцца чэмпіянату.

А апошняе слова ў выбары краіны-гаспадыні ўсясьветнага пяршынства застаецца за дэлегатамі кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Яны зьбяруцца разам сёлета ў траўні ў Аўстрыі, дзе пройдзе чэмпіянат 2005 году і таемным галасаваньнем вызначаць, хто з чатырох краінаў прыме чэмпіянат сьвету 2010 году.
XS
SM
MD
LG