Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Юшчанка: Украіна мусіць мець добрыя сувязі з Эўразьвязам і з Расеяй


Юры Сьвірко, Кіеў Свой дзень нараджэньня прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, якому сёньня споўніўся 51 год, правёў у Брусэлі ды Страсбуры, дзе выступіў у Эўрапейскім парлямэнце. Украінскі лідэр абяцае ўсталяваць на межах рэжым, уніфікаваны з Эўразьвязам, а таксама называе справай гонару ягонай каманды расьсьледаваньне забойства незалежнага кіеўскага журналіста Георгія Гангадзэ.

Пасьля перамоваў у Брусэлі з кіраўніком Эўрапейскай камісіі Хасэ Мануэлем Барозу, прэзыдэнт Віктар Юшчанка сказаў, што палітыка Ўкраіны не павінна шкодзіць ніводнаму боку.

(Юшчанка: ) “На ўсходзе ў нас ёсьць стратэгічны партнэр – Расея. На захадзе нашых межаў ёсьць стратэгічны наш партнэр – Эўрапейскі Зьвяз. Мы хочам дэманстраваць празрыстую й прагназаваную палітыку нашаму шаноўнаму суседу на ўсходзе й нашаму шаноўнаму суседу на захадзе. Я добра разумею: ісьці ў Эўропу зь нявырашанымі, нядобрасуседзкімі, кепскімі стасункамі з Расеяй немажліва”.

Пазьней, у Страсбуры, Віктар Юшчанка распавёў пра пляны афіцыйнага Кіева на гэты год. Паводле прэзыдэнта, ад словаў урад пяройдзе да справаў, і першае паўгодьдзе будзе прысьвечанае атрыманьню статусу краіны з рынкавай эканомікай.

Таксама да лістапада Ўкраіна хоча прайсьці ўсе фармальныя працэдуры для далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.

Украінскія ўлады плянуюць распачаць і кансультацыі ды перамовы наконт стварэньня супольнай з Эўразьвязам зоны вольнага гандлю.

Асобна Віктар Юшчанка заявіў пра лібэралізацыю візавага рэжыму для студэнтаў, журналістаў і дыпляматаў. Кіраўнік украінскай дзяржавы сказаў, што 2005 год будзе прысьвечаны “абсталяваньню ўкраінскіх межаў і мытні для забесьпячэньня рэжыму, уніфікаванага з Эўразьвязам, які б не дазваляў там фармавацца кантрабандзе, наркатрафіку, незаконнай міграцыі”.

Прэзыдэнт Украіны таксама сказаў:

(Юшчанка: ) “Спадзяюся, што да 2007 году мы зможам завяршыць перамовы пра ўступ Украіны ў Эўрапейскі Зьвяз. Найгалоўнейшае – пачатак перамоўнага працэсу”.

У Страсбуры Віктару Юшчанку зноў задалі пытаньне пра забітага ў Кіеве ў 2000 годзе журналіста Георгія Гангадзэ. Паводле спадара Юшчанкі, шмат што ўжо зьнішчана, таксама зьнішчаныя два з чатырох сьведкаў у гэтай справе, аднак ён валодае інфармацыяй, якая робіць яго аптымістам наконт таго, што кропку ў справе забойства Гангадзэ можна будзе паставіць.

Віктар Юшчанка заявіў, што лічыць расьсьледаваньне забойства Георгія Гангадзэ справай свайго гонару й гонару сваёй каманды.
XS
SM
MD
LG