Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткаваньне 60-годзьдзя савецкай Перамогі выклікае супярэчнасьці ў краінах Балтыі


Ганна Соусь, Прага Лідэры краінаў Балтыі падзяліліся адносна таго, ці будуць яны браць удзел ва ўрачыстасьцях у Маскве з нагоды 60-й гадавіны перамогі над нацысцкай Нямеччынай. Латыская прэзыдэнтка вырашыла ўзяць удзел ў сьвяткаваньні, аднак эстонскі і літоўскі прэзыдэнты яшчэ не прынялі адпаведнага рашэньня. Праблема палягае ў тым, што перамога над нацысцкай Нямеччынай у 1945 годзе стала пачаткам савецкай акупацыі Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Многія заходнія лідэры, ў тым ліку прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, францускі лідэр Жак Шырак і канцлер Нямеччыны Герхард Шрэдэр, ўжо абвясьцілі, што прыедуць 9 траўня ў Маскву.

Аднак літоўскі прэзыдэнт Валдас Адамкус яшчэ не вырашыў, ці возьме ён удзел ва ўрачыстасьцях у Маскве. Прычына палягае ў тым, што дата 9 траўня выклікае супярэчлівыя пачуцьці ў балтыйскіх краінаў. Гэта дзень перамогі Савецкага Саюзу над нацысцкай Нямеччынай, аднак і напамін пра тое, што яна прывяла да пяцідзесяцігадовай акупацыі балтыйскіх краінаў.

Аўдрус Бачуліс, аналітык літоўскага часопіса “Veidas" кажа, што апытаньні сьведчаць пра тое, як глыбока падзеленае грамадзтва ў пытаньні, ці павінен прэзыдэнт браць удзел ва ўрачыстасьцях у Маскве.

(Бачуліс: ) “Грамадзтва падзеленае на дзьве часткі. Адны катэгарычна супраць візыту, другія – іх крыху болей – падтрымліваюць паездку”.

Паводле Бачуліса, літоўскія дэпутаты ды іншыя палітыкі гэтаксама не прыйшлі да згоды ў гэтым пытаньні. Правыя і права-цэнтрысцкія палітыкі супраць удзелу ў сьвяткаваньні, аднак левыя лічаць, што прэзыдэнт павінен ехаць.

Бачуліс прывадзіць аргумэнты праціўнікаў візыту.

(Бачуліс: ) “Аргумэнты вельмі простыя – 9 траўня мы будзем адзначаць не перамогу пад нацызмам, а акупацыю Усходняй і Цэнтральнай Эўропы Сталіным. Мы ня можам ехаць у Маску і сьвяткаваць нашу акупацыю”.

Аднак прыхільнікі візыту прэзыдэнта ў Маскву кажуць, што Літва не павінна сварыцца з Масквой. Яны адзначаюць, што акупацыя ўжо скончылася, і непакояцца, што Расея можа спыніць пастаўкі газу і нафты ў выпадку, калі з прычыны непаважлівага рашэньня Літвы двухбаковыя стасункі могуць сапсавацца.

Андрус Кубілюс, дэпутат Літоўскага парлямэнту і былы прэм’ер-міністар кажа, што няма ніякага адкрытага дыпляматычнага ціску на Адамкуса з боку Расеі, аднак Крэмль дае зразумець, што ён будзе незадаволены, калі літоўскі і эстонскі прэзыдэнты застануцца дома.

Кубілюс лічыць, што Расея нават зацікаўленая ў байкоце, паколькі гэта перашкодзіць паставіць праблему аб кампэнсацыі балтыйскім краінам за акупацыю.

Яшчэ невядома, якое рашэньне прыме ў гэтым пытаньні прэзыдэнт Літвы, але, як паведамляецца, пра гэта будзе абвешчана пры канцы сакавіка. Таксама пакуль невядома, ці паедзе ў Маскву ў траўні прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль.

Латыская прэзыдэнтка Вайра Віке-Фрэйбэрга пагадзілася ўзяць удзел у сьвяткаваньні, але пазьней прапанавала Расеі абмеркаваць пытаньне наконт сакрэтнай дамовы Молатава-Рыбэнтропа паміж Савецкім Саюзам і Нямеччынай.
XS
SM
MD
LG