Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пачаліся звальненьні з працы ініцыятараў стварэньня грамадзкага руху “Воля народу”


Валер Каліноўскі, Менск Аднымі зь першых пазбаўлены працоўных месцаў супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якім калісьці кіраваў каардынатар руху “Воля народу” Аляксандар Казулін. Сярод ініцыятараў стварэньня гэтага руху прадстаўніцтва БДУ самае шматлікае. Аляксандар Казулін кажа, што ён з былымі калегамі не чакаў такой хуткай расправы ўлады.

Начальніка ўпраўленьня міжнародных сувязяў Белдзяржунівэрсытэту Аляксандра Рухлю адразу пасьля зьяўленьня “Звароту да беларускага народу” выклікаў рэктар БДУ Васіль Стражаў. Ён зьвярнуў увагу на подпіс спадара Рухлі пад дакумэнтам.

Гаворыць Аляксандар Рухля:

(Рухля: ) “Мне сказалі: альбо звальняйцеся, альбо пішыце пра адмову ад свайго подпісу. Я адказаў, што лепш звольніцца. Вось і ўсё. А паколькі ў мяне сын яшчэ тут вучыцца, шчыра скажу, я не хачу нашкодзіць дзецям, таму я звольніўся паводле пагадненьня бакоў”.

Чым далей займацца, спадар Рухля яшчэ ня вырашыў, але перакананы, што бяз справы сядзець ня будзе, зоймецца навукай ці міжнароднымі сувязямі. Пра свой учынак, за які ён пацярпеў, спадар Рухля не шкадуе, бо перакананы, што людзі падтрымаюць ініцыятыву.

(Рухля: ) “У мяне палітычных амбіцыяў няма, я проста хачу, каб мае дзеці і ўнукі жылі ў лепшай краіне. І наколькі магчыма, я буду імкнуцца штосьці зрабіць у гэтым кірунку”.

У аналягічнай сытуацыі апынуўся і днямі звольнены дырэктар студэнцкага гарадка БДУ Павал Бычкоўскі, чый подпіс таксама стаіць пад “Зваротам да беларускага народу”.

Каардынатар ініцыятывы “Воля народу” Аляксандар Казулін кажа, што яны з калегамі не чакалі такой хуткай расправы уладаў:

(Казулін: ) “Такой нэрвовай рэакцыі ўлады наўрад ці можна было чакаць. Такія хуткія звальненьні за тое, што людзі проста паставілі подпіс пад выказваньнем свайго пункту гледжаньня, невытлумачальныя. Гэта сьведчыць аб тым, што ўлада, якая карыстаецца ўсенароднай падтрымкай, абвешачанай у раёне 80%, відаць, крыху гэтага народу баіцца”.

Аляксандар Казулін заяўляе, што звольненыя не застануцца сам-насам са сваімі праблемамі. Паводле ягонай інфармацыі. падрыхтаваныя ўжо дакумэнты аб звальненьні з БДУ старшыні Саюзу пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча і члена-карэспандэнта НАН Алега Лойкі, якія выкладаюць на філфаку, але загады рэктара пакуль не падпісаныя. Сам спадар Пашкевіч пасьля кантактаў з адміністрацыяй паведаміў, што яго і Алега Лойку таксама звальняюць за подпісы пад “Зваротам да беларускага народу”. Праўда, дэкан факультэту Іван Роўда паведаміў “Свабодзе”, што яму пра гэта невядома.

(Роўда: ) “На сёньняшні дзень дакладна абсалютна, што ніхто нікога не звальняў”.

Паводле Івана Роўды, прэтэнзіяў да спадароў Пашкевіча і Лойкі як да выкладчыкаў няма, іх працай задаволеныя. Сам Алег Лойка зазначыў, што не выключае і не баіцца свайго звальненьня, і перакананы, што заява, за якую пачаўся перасьлед, патрэбная грамадзтву і выканае сваю справу, бо яна дэманструе беларусам справядлівую дэмакратычную альтэрнатыву.
XS
SM
MD
LG