Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд адхіліў скаргу сваякоў забітай Веранікі Чаркасавай аб неправамоцнасьці псыхіятрычнай экспэртызы яе сына Антона


Ігар Карней, Менск У судзе Цэнтральнага раёну Менску разглядалася скарга адваката Антона Філімонава, сына забітай летась журналісткі штотыднёвіка “Салідарнасьць” Веранікі Чаркасавай, на рашэньне сталічнай пракуратуры. Абарона патрабавала скасаваць патрабаваньне гарадзкой паркуратуры аб прызначэньні стацыянарнай псыхіятрычнай экспэртызы падлетка. Паседжаньне суду адбывалася за зачыненымі дзьвярыма, аднак нашаму карэспандэнту сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці.

З усіх удзельнікаў судовага паседжаньня была ўзятая падпіска аб неразгалошаньні сутнасьці размовы. Аднак стала вядома, што скарга адваката на рашэньне Менскай гарадзкой пракуратуры аб прызначэньні псыхіятрычнай экспэртызы 15-гадовага падлетка была адхіленая. На практыцы гэта азначае, што сьледчыя пакідаюць за сабой права псыхіятрычнага дасьледаваньня хлопца. І хоць судовае рашэньне яшчэ можа быць абскарджана цягам сутак у Менскім гарадзкім судзе, бабуля Антона, Дыяна Чаркасава, кажа, што ў пракуратуры па-ранейшаму разьвязаныя рукі, каб аднавіць спробы прымусовай шпіталізацыі яе ўнука. Пры гэтым яна згадвае, што мінулы раз Антона хацелі забраць ў псыханэўралягічны дыспансэр проста са школы — і выглядае, што наступны раз яго ўратаваць ніхто ня здолее.

(Чаркасава: ) “У школе сьледчыя спрабавалі тлумачыць дырэктару, настаўнікам: каб ён, маўляў, быў проста сьведкам, яму быў бы патрэбны адвакат... Але паколькі ён падазраваны, то яны быццам маюць права размаўляць зь ім без адваката. Хоць усё якраз наадварот”.

Апошні час падлетак знаходзіцца ў Маскве. Ягоны бацька Дзьмітры Філімонаў, журналіст расейскай газэты “Известия”, забраў сына да сябе адразу ж пасьля таго выпадку, пра які згадвала Дыяна Чаркасава. Пасьля таго, як сёньня суд Цэнтральнага раёну адхіліў скаргу адваката, сваякі забітай журналісткі хвалююцца, што Антона могуць паспрабаваць выкрасьці з Масквы: упершыню пра такую пагрозу сказаў тыдзень таму на прэсавай канфэрэнцыі ў рэдакцыі “Известий” сам Дзьмітры Філімонаў.
XS
SM
MD
LG