Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцяблянін Міхаіл Землякоў патрабуе ад менскіх міліцыянтаў, каб яны вярнулі маёмасьць, канфіскаваную ў ягонага сына ў часе незаконнага ператрусу


Браніслава Станкевіч, Віцебск Спадар Землякоў зьвярнуўся да пракурора г. Менску з заявай, у якой патрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці падпалкоўніка міліцыі Юрыя Кухаронка “за злоўжываньне службовым становішчам, якое выразілася ў авалоданьні маёмасьцю на суму асабліва буйных памераў”. Спадар Землякоў кажа, што штуршком да напісаньня ім гэтае заявы стаў судовы працэс супраць Міхаіла Марыніча, якога абвінавацілі якраз у “злачынным авалоданьні маёмасьцю”.

Маёмасьць, пра якую ідзе гаворка, была сканфіскаваная ў 2001 годзе ў выніку ператрусу на кватэры, дзе жыў сын Землякова, Юрась, тады – сябра спартовай патрыятычнай арганізацыі “Край”. Тады ў кватэру, якую здымаў Юрась Землякоў у Менску, дзе ён навучаўся ва Ўнівэрсытэце замежных моў, уварваліся без аніякіх законных падставаў шэсьць невядомых, адзін з іх быў у міліцэйскай форме з аўтаматам (пазьней высьветлілася, што гэта былі супрацоўнікі АБЭП Партызанскага райаддзелу міліцыі). Хлопца затрымалі, зьбілі, ноч ён правёў у пастарунку, а ў часе ператрусу ў ягонай кватэры былі канфіскаваны 50 найменьняў рэчаў. Як потым пісалі ў міліцэйскіх справаздачах, гэта былі кампутар, іншая аргтэхніка, спартовае абсталяваньне, вопратка і “літаратура нацыяналістычнага зьместу”.

Прыкладна год таму Міхаілу Землякову удалося вярнуць забраны ў ягонага сына кампутар. Але астатнія сканфіскаваныя рэчы, кошт якіх, паводле падлікаў сям’і Земляковых, складае каля дзьвюх тысяч даляраў, вярнуць дагэтуль не ўдалося. У тым ліку і з тае прычыны, што ні супрацоўнікі міліцыя, ні работнікі пракуратуры ня могуць дакладна сказаць, куды яны падзеліся.

Але ж у выпадкаў канфіскацыі або ўзяцьця нейкіх рэчаў на экспэртызу ці яшчэ куды міліцыянты мусілі скласьці адпаведныя паперы. Там і мусіць быць пазначана месца таго, што шукае цяпер спадар Землякоў.

Міхаіл Землякоў паказаў мне адказ намесьніка Пракурора г.Менска, старшага саветніка юстыцыі спадара Літвінюка, дзе было напісана, што сканфіскаваная маёмасьць дагэтуль знаходзіцца пад адказнасьцю намесьніка начальніка аддзелу крымінальнага вышуку Партызанскага райаддзелу міліцыі спадара Кухаронка.

Калі ж спадар Землякоў запатрабаваў, каб яму аддалі забраныя рэчы, то высьветлілася зусім іншае. У прыватнасьці,, што ніякіх рэчаў у Першамайскім райаддзеле няма, і што міліцыя распарадзілася уласнасьцю сям’і Земляковых наступным чынам (цытую пісьмовы адказ памочніка пракурора г.Менску спадара Гурскага, дасланы 14 лютага гэтага году): “Уся вопратка была зьнішчаная спадаром Кухаронкам з дазволу ягонага кіраўніцтва, літаратура была перададзеная на катэдру тэорыі ды гісторыі Акадэміі МУС, а тэхніка і ўсё астатняе знаходзіцца часткова ў Менскім КГБ, а часткова – у розных міліцэйскіх падразьдзяленьнях Рэспублікі Беларусь”.

На думку спадара Землякова, усё, што напісана ў гэтым лісьце – гэта нішто іншае, як доказ вінаватасьці адказнае асобы, якая самавольна распараджаецца чужой маёмасьцю. Таму ён зьвярнуўся ў тую самую Менскую гарадзкую пракуратуру, якая была ініцыявала крымінальную справу супраць Міхаіла Марыніча, таксама асуджанага за прысваеньне чужой маёмасьці.

(Землякоў: ) “Марыніча засудзілі, на мой погляд, ні за што: нейкія кампутары, што яму далі, ён захоўваў ня там, дзе лічыла патрэбным пракуратура, а ў гаражы. Ён жа нікому шкоды не зрабіў, але ж пракуратура знайшла зачэпкі! Дык мой прыклад у некалькі разоў цяжэйшы: мая маёмасьць, аказваецца, тры гады была ў асабістым распараджэньні спадара Кухаронка, і я ня ведаю, што ён зь ёй рабіў. Таму я абурыўся і хуценька напісаў ліст у пракуратуру, бо гэтая справа куды цяжэй, чымсьці ў Марыніча!”

Аднак да спадара Кухаронка менская пракуратура паставілася іначай, чымсьці да спадара Марыніча: ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць супрацоўніка міліцыі было адмоўлена, хаця пракурорская праверка і прызнала, што пэўнае парушэньне захаваньня канфіскаваных рэчаў мела месца. Цяпер Міхаіл Землякоў зьбіраецца на прыём да міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава, які прыедзе ў Віцебск 24-га лютага, і будзе зноў настойваць і на вяртаньні зьніклае з Партызанскага райаддзелу маёмасьці, і на пакараньні адказнага за гэта падпалкоўніка Юрыя Кухаронка.
XS
SM
MD
LG