Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асіповіцкая суполка ТБМ прапануе назваць вуліцы ў гонар беларускіх пісьменьнікаў – франтавікоў і партызанаў


Марыя Ўсьціновіч, Асіповічы У раённым цэнтры Асіповічы мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы выступіла зь ініцыятывай ўшанаваньня памяці беларускіх пісьменьнікаў – вэтэранаў другой усясьветнай вайны.

Асіповіцкія актывісты ТБМ прапанавалі мясцовым уладам надаць вуліцам раённага цэнтру імёны вядомых беларускіх пісьменьнікаў – франтавікоў і партызанаў Івана Мележа, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча і Івана Шамякіна.

Кіраўніца асіповіцкага ТБМ Тацяна Барэль тлумачыць ініцыятыву юбілеем перамогі, які будзе шырока адзначацца ў Беларусі.

(Барэль: ) “Ідзе 60-годзьдзе Перамогі, і мы ўсе гэтае сьвята лічым сваім сьвятам, бо гэта перамога над Гітлерам. Мы вырашылі, што ёсьць нашыя людзі, дастойныя франтавікі, пісьменьнікі. Мы прапануем альбо перайменаваць вуліцы, альбо новыя назваць іх прозьвішчамі”.

Спадарыня Барэль таксама паведаміла, што актывісты ТБМ вырашылі сабраць подпісы жыхароў Асіповічаў у падтрымку сваёй ініцыятывы.

А як паставіліся да такой прапановы асіповіцкія ўлады? Чыноўнікі гавораць пра вялікія клопаты і грошы ў зьвязку зь перайменаваньнем. Трэба мяняць шыльды, прапіску ў пашпартах, пячаткі і адрасы юрыдычных асобаў, тэлефонныя кнігі. ТБМ прапануе, калі ёсьць дэфіцытам сродкаў, пачаць хаця б з адной вуліцы – напрыклад, з Рабоча-сялянскай, якая ёсьць у раённым цэнтры.

Аднак справа яшчэ і ў тым, што кіраўніцтва раёну ня хоча разьвітвацца з савецкімі назвамі, бо лічыць іх гістарычнымі і абсалютна нармалёвымі. Намесьнік старшыні Асіповіцкага райвыканкаму Алег Кулакоўскі паведаміў, што паводле апытаньня, якое зрабіла раённае радыё, 60 адсоткаў жыхароў Асіповічаў супраць перайменаваньня, і яны лічаць, што імёны пісьменьнікаў трэба даваць новым вуліцам. Такое і стаўленьне ўлады да прапановы ТБМ.

(Кулакоўскі: ) “Мы яе абсалютна прынялі, але мы ня бачым неабходнасьці ў перайменаваньні вуліцаў. Мы гатовыя называць школы, навучальныя ўстановы і вуліцы, але якія адкрываюцца”.

Старшыня Асіповіцкага раённага савету Аляксандар Пузік пацьвердзіў, што ўлада ставіцца пазытыўна да ініцыятывы ТБМ і вывучае яе. Ён лічыць, што да 9 траўня трэба абавязкова нешта зрабіць. Тым больш што сам старшыня райсавету калісьці захапляўся творамі Івана Шамякіна і Васіля Быкава, і лічыць, што пісьменьнікі-франтавікі заслужылі таго, каб іх памяць ушанавалі ў назвах вуліцаў беларускіх гарадоў.
XS
SM
MD
LG