Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox populi: Ці хацелі б Вы служыць у беларускім войску?


Галіна Абакунчык, Менск 23 лютага ў Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначаецца Дзень абаронцаў айчыны. Традыцыя гэтага сьвята паходзіць з савецкага мінулага, калі ў гэты дзень у СССР адзначалі Дзень савецкай арміі й ваенна-марскога флёту. Традыцыі мінулых часоў – абавязковую вайсковую службу – пераняла і сёньняшняя беларуская армія. Як Вы ставіцеся да абавязковай вайсковай службы, і ці хацелі б служыць у такой арміі?

Гэтае пытаньне юнакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка, і вось якімі былі адказы:

(Юнак: ) “Я лічу, што гэта патрэбна кожнаму сапраўднаму мужчыну. Той не мужчына, хто не служыў”.

(Юнак: ) “Для мяне гэта якраз вельмі актуальнае пытаньне, бо днямі атрымаў пазоў. Па праўдзе, тое, што я чуў пра гэтую вайсковую службу, то мне ня вельмі хочацца туды ісьці. А вось альтэрнатыўная служба ці служба ў запасе мне больш падабаецца, але туды вельмі цяжка патрапіць. І зараз я якраз буду займацца гэтымі пытаньнямі”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да абавязковай вайсковай службы й ці хацелі б самі служыць у войску?”

(Юнак: ) “Напэўна, не. Сёньняшняя палітычная сытуацыя ў сьвеце не вымагае вось такой абавязковай вайсковай службы. Гэта стары падыход да службы. Павінна ў кожнай дзяржаве быць альтэрнатыўная і служба паводле кантракту, як гэта робіцца ў заходніх краінах. Гэта самы прыдатны варыянт для Беларусі дый наогул для любой краіны ў сьвеце. Я супраць любога прымусу, бо прымус гэта непрыемна”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці хацелі бы самі служыць у войску?”

(Юнак: ) “У пэўнай ступені гэта неабходна для нашай краіны, але ж я не магу сказаць, што асабліва жадаю служыць, і гэта выклікана тымі ўмовамі жыцьця ў казармах і цяжкасьцямі гэтай вайсковай службы”.

(Юнак: ) “У сёньняшніх умовах агульная вайсковая служба мне падаецца ня лепшым рашэньнем праблемы, паколькі ёсьць пэўныя цяжкасьці, у тым ліку, з фінансаваньнем арміі. Дый увогуле, я лічу, Беларусі не патрэбнае гэткае вялікае, я б сказаў нават, велізарнае войска. Бо сёньня няма ніякай пагрозы ні з боку Расеі, ні з боку Захаду. І найлепшым было б, каб у Беларусі было маленькае, мабільнае, прафэсійнае войска, якое б адпавядала сёньняшнім патрабаваньням часу, агульнай грамадзкай стратэгіі, і гэта, падаецца, было б найлепшым рашэньнем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG