Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што ваявалі беларускія абаронцы айчыны ў Аўганістане, Іраку ці Чачэніі?


Ігар Карней, Менск Яшчэ ад савецкіх часоў 23 лютага адзначаецца перадусім як мужчынскі дзень. У гэты дзень падарункі з аднолькавым задавальненьнем атрымліваюць як тыя, хто меў нейкае дачыненьне да вайсковай службы, так і перакананыя пацыфісты. Тым ня меней, пакінуты яшчэ ад камуністычных часоў дзень Савецкай арміі і ваенна-марскога флёту, пераагучаны беларускімі ўладамі ў сьвята абаронцаў Айчыны, мае і іншы бок мэдаля.

Агульнавядома, што на загад савецкага кіраўніцтва сотні беларусаў загінулі й былі пакалечаныя, абараняючы зусім іншыя землі. Для тых, хто застаўся жывы, для іх сваякоў гэта, пэўна, яшчэ і дзень смутку…

Дагэтуль шмат хто ўзгадвае эпізод, які ці не найбольш яскрава характарызуе месца беларусаў-“інтэрнацыяналістаў” у навейшай гісторыі. У 1980-м у Беларусь прывезьлі першую труну з Аўганістану. Загінуў нараджэнец Пухавіцкага раёну Мікалай Чэпік, пасьмяротна прыстаўлены да званьня Героя Савецкага Саюзу. Аднак настолькі ж моцна, як і сьмерць маладога хлопца, землякоў абурыў надпіс на помніку: “Загінуў, абараняючы Радзіму”. Людзі тады нават прыехалі да Дому ўраду ў Менску, каб запытаць: якую Радзіму за тысячы кілямэтраў ад вёскі Блужа мелі на ўвазе савецкія палітыкі ды генэралы?

Маёр Андрэй Івонін ваяваў у Аўганістане ў той жа час, што і Чэпік. Перакананы, што радзіма ня вельмі дорага цаніла сваіх сыноў.

(Івонін: ) “Салдаты – 18-20 гадоў. Да вайны ніхто не падрыхтаваны, хоць дывізія баявая, мела досьвед Чэхаславаччыны, Вугоршчыны. Але ўсё адно з балотаў закінулі ў горы; той жа Кабул – 1800 мэтраў над узроўнем мора”.

Цягам усёй навейшай гісторыі савецкае кіраўніцтва замоўчвала прысутнасьць сваіх ваенных спэцыялістаў за межамі СССР. Не ўдавалася гэта толькі ў выпадках актыўнага супраціву агрэсіі з боку мясцовага насельніцтва – як у Вугоршчыне, Чэхаславаччыне, Аўганістане…

Пра прыклады службы на карысьць іншых “айчынаў” мала вядома нават зараз. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Cяргей Гайдукевіч падчас ірана-ірацкай вайны ў пачатку 80-х быў старэйшым групы ваенных спэцыялістаў у Іраку. Але дагэтуль зьдзіўляецца, як савецкаму камандаваньню ўдавалася весьці падвойную гульню, актыўна дапамагаючы абодвум варагуючым бакам.

(Гайдукевіч: ) “Зброя туды прадавалася маштабамі такімі, што можа пазайздросьціць любая іншая блізкаўсходняя краіна. І ўсё гэта выкрэсьлена з гісторыі. Да таго ж, ніхто ня ведае, ня піша: калі мы ад 1982 да 1984 году знаходзіліся ў Іраку, такія ж ваенныя спэцыялісты былі ў Іране”.

Гэта прыклады з гісторыі: але, як сьведчыць досьвед, і цяпер беларусаў можна сустрэць далёка ад межаў краіны. Неаднаразова беларускі сьлед усплываў у замежных легіёнах; беларускія вайсковыя спэцыялісты запатрабаваныя ў сфэры абслугоўваньня высокадакладнай тэхнікі, перадусім – авіяцыйнай.

Ёсьць сьведчаньні і таго, што грашовы стымул прымушае браць у рукі зброю. Адзін з кіраўнікоў чачэнскага парлямэнту ў выгнаньні Турпал-Алі Каімаў цьвердзіць: падчас абедзьвюх чачэнскіх войнаў на баку фэдэральных войскаў ваявалі і беларусы.

(Каімаў: ) “Былі там беларускія спэцслужбы, якія сумесна з расейскім ГРУ бралі ўдзел у акцыях супраць мірных жыхароў, былі менавіта сілавыя акцыі. Іншая справа, дзеля чаго іх туды закінулі – гэта ж не Савецкі Саюз ужо?”

Сёньня на афіцыйным узроўні заплянаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў з нагоды дня абаронцаў Айчыны. Апроч рознага кшталту сходаў з удзелам вэтэранаў, міністар абароны Леанід Мальцаў ускладзе кветкі да помніка Перамогі ў Менску, а курсанты факультэту ўнутраных войскаў зробяць “лыжны пераход” да Кургану Славы, дзе “ва ўрачыстай атмасфэры” папоўняць шэрагі БРСМ… Алесь Пушкін, у мінулым шараговец-аўганец, усе падобныя сьвяткаваньні разглядае з аднаго гледзішча.

(Пушкін: ) “Гэта трагікамэдыя, той шал, які быў да 3 ліпеня, калі ўсе гэтыя генэралы, палкоўнікі ў адзін голас: “…операция “Багратион”, “…в результате освобождено…”, “захвачено и уничтожено…”, канцэрты нейкія…. А ў выніку ніхто не прамовіў зразумелыя словы: вайна – гэта ж злачынства! Зноў “за ценой не постоим”. Альбо – выступае вэтэран: “сам погибай, но товарища выручай”. Дык адразу ж лёгіка напрошваецца: колькі за цябе загінула, каб ты зараз жыў? Для цябе гэты прынцып ня дзейнічаў, бо ты б тут зараз не сядзеў... Дый увогуле, пасьля сьмерці Быкава для мяне вэтэраны – гэта проста тылавікі. У лепшым выпадку. А ў горшым – тыя, хто ў Курапатах страляў... Але дзяржава ўжо ня можа без усяго гэтага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG