Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі вайскоўцы вызваляць сьвятыню?


Вячаслаў Кулік, Менск Галоўная ваенная камэндатура Міністэрства абароны й Менская гаўптвахта мусяць пакінуць будынак былога Бэрнардынскага жаночага кляштару. Гэтага патрабуе новая праграма так званай рэканструкцыі Верхняга горада. Аднак у пытаньні высяленьня салдацкага астрогу з былой каталіцкай сьвятыні ўзьніклі непаразуменьні.

На пытаньне карэспандэнта радыё Свабода “як хутка вайскоўцы вызваляць будынкі на вуліцы Кірылы й Мяфодзія?” памочнік камэнданта старэйшы лейтэнант Пратасаў паведаміў:

(Пратасаў: ) “У нас панятак “хутка” – даволі нявызначаны”.

Як патлумачыў афіцэр, камэндатура й гаўптвахта мусяць зьехаць з гістарычнага цэнтра Менска ў ваенны гарадок “Уручча”. Старшы лейтэнант не пажадаў абмяркоўваць прычыны затрымкі. Ён кажа, што ў вайскоўцаў свае пляны на пераезд.

(Пратасаў: ) “Да канца года”.

Гаўптвахта Менскага гарнізона займае памяшканьні былога Бэрнардынскага жаночага кляштару. Ён быў пабудаваны ў другой палове XVII стагодзьдзя для місіянэрак тагачаснага каталіцкага ордэна. За саветчынай тут апынуўся салдацкі астрог.

“Чорныя варанкі” й вайсковыя патрулі ў гістарычным цэнтры Менска не стасуюцца да вобразу гасьціннай сталіцы. Акцыі грамадзкасьці па высяленьню Менскай гаўптвахты з пляцу Свабоды падтрымлівалі нават чыноўнікі. Расказвае архітэктар Зьміцер Бубноўскі:

(Бубноўскі: ) “У свой час гэта пытаньне ўзьнімаў былы мэр Менска Ярмошын. Проста марыў выгнаць адтуль ваенных. Але нават калі ён быў пэўны час старшынёй Савета міністраў, нічога ня мог зрабіць”.

Зьміцер Бубноўскі цяпер ачольвае аддзел унітарнага прадпрыемства “Менскпраект”. Напярэдадні новага года менавіта “Менскпраект” быў вызначаны пераможцам ў так званым прэзыдэнцкім конкурсе па забудове гістарычнага цэнтра сталіцы. Па словах спадара Бубноўскага, яго праектантам нельга спазьняцца з падрыхтоўкай тэхнічнай дакумэнтацыі па аднаўленьні былога Бэрнардынскага кляштару.

(Бубноўскі: ) “Да нас ужо зьвяртаўся будучы заказчык, каб распрацаваць праектнае заданьне на рэстаўрацыю гэтага аб’екта”.

Такім чынам, заказчык, а ім зьяўляецца камунальнае прадпрыемства “Менская спадчына”, патрабуе распачынаць рэстаўрацыю, а будынак яшчэ невядома калі вызваліцца. Пракамэнтаваць спрэчную сытуацыю я папрасіў Ігара Чарняўскага, намесьніка начальніка ўпраўленьня па ахове гістарычных каштоўнасьцяў Міністэрства культуры.

(Чарняўскі: ) “Унітарнае камунальнае прадпрыемства “Менская спадчына” мае задачу праводзіць работы ў Верхнім горадзе. І калі яно “атакуе”, то мае пэўныя намеры. Узяць на сябе і потым несьці адказнасьць за зьберажэньне й ахову – гэта ж вялікія затраты. Калі няма інвэстыцыйнага праекту, наўрад ці яны такое прадпрымалі б”.

Зараз у гістарычных будынках былога кляштару нібыта два гаспадары. Адзін не сьпяшаецца адсюль зьехаць, другому не дазваляюць тут працаваць. Праблема ў тым, каб ад гэтага не было горш для самога помніка...
XS
SM
MD
LG