Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 лютага нарадзіліся Ротшыльд, Гендэль, Малевіч


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 23 лютага

23 лютага ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваўся Прохар, а назаўтра – Улас. Таму нашыя продкі казалі: “Прыйшоў Прохар ды Ўлас – хутка вясна ў нас”.

23 лютага ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень абаронцаў айчыны. Гэта яшчэ савецкае сьвята, зьвязанае з дэкрэтам аб стварэньні расейскай Чырвонай арміі, які падпісаў Ленін. Цікава, што ў такі самы дзень у 1944 годзе кіраўнік нямецкай акупацыі ў Беларусі Курт фон Готбэрг даў згоду на фармаваньне Беларускай Краёвай Абароны. Асноўным прызначэньнем БКА была антыпартызанская барацьба, а затым, на фронце – супрацьдзеяньне Чырвонай армii.

23 лютага 1831 году расейскія ўлады зрабілі чарговы крок да скасаваньня традыцыйнай герархіі беларускага грамадзтва. Загадам імпэратара Мікалая І замест назвы “маршалак шляхты” ўводзіўся расейскі тэрмін “прадвадзіцель дваранства”.

23 лютага 1919 году ў Маскве быў заснаваны рабочы клюб “Беларус”. Стварылі гэтую ўстанову культурна-асьветны аддзел Беларускага нацыянальнага камітэту разам з Маскоўскай беларускай сэкцыяй расейскай кампартыі.

23 лютага 1928 году ў Вільні польскія ўлады распачалі сyдовы пpацэс над паўсотняй дзеячоў Белаpyскай сялянска-pаботнiцкай гpамады – самай буйной арганізацыі ў Заходняй Беларусі, якая налічвала 100 тысяч чальцоў. Вінавацілі Грамаду ў тым, што яна існавала за маскоўскія камуністычныя грошы.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 23 лютага ў розныя гады, згадаем сёньня нямецкага банкіра-багацея Мэіра Ротшыльда, прозьвішча якога стала назыўным; ягонага земляка кампазытара Георга Гендэля; расейскага пісьменьніка Ўсевалада Крастоўскага, які, між іншым, вучыўся ў гімназіі ў мястэчку Сьвіслач разам з Кастусём Каліноўскім, а потым прысьвяціў яму два раманы; знакамітага мастака, аднаго са стваральнікаў віцебскага мастацкага фэномэну 1920-х гадоў Казіміра Малевіча, і чэскага пісьменьніка Юліюса Фучыка, які ўвайшоў у гісторыю сваім крылатым выразам: “Людзі, будзьце пільныя”. Фучык меў на ўвазе сусьветную пагрозу фашызму.
XS
SM
MD
LG