Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал Фралоў атрымаў прэмію ад “Абаронцаў Айчыны”


Міхал Стэльмак, Менск Штаб руху “Абаронцы Айчыны” 22 лютага абвясьціў ляўрэатам прэміі імя Юрыя Захаранкі “З адкрытым забралам” вядомага апазыцыйнага дзеяча генэрала Фралова. Рух “Абаронцы Айчыны” аб’ядноўвае афіцэраў: былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў ды іншых сілавых структур.

Паводле прадстаўнікоў руху, прэмія імя Захаранкі будзе прысуджацца штогод найбольш мужнаму, на іх думку, змагару за дэмакратыю ў Беларусі.

Сёлета на першую прэмію прэтэндавала пяць кандыдатаў. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў генэрал Валеры Фралоў, лідэры прадпрымальніцкага руху з Горадні Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў, а таксама экс-міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч.

Нагадаем, спадары Леванеўскі, Васільеў і Марыніч зараз знаходзяцца ў зьняволеньні і, як лічаць сябры “Абаронцаў Айчыны”, насамрэч, ёсьць палітычнымі вязьнямі. Зь ліку гэтых прэтэндэнтаў большасьць галасоў набрала кандыдатура генэрала Фралова. Вось як пракамэнтаваў гэты выбар лідэр руху “Абаронцы Айчыны” Алег Волчак:

(Волчак: ) “Мы прыйшлі да такой высновы, што летась Валеры Фралоў сапраўды падвяргаўся перасьледу. Ён, нагадаю, абвясьціў галадоўку са сваімі аднадумцамі з Палаты прадстаўнікоў на знак пратэсту супраць адмовы ўладаў унесьці зьмены ў Выбарчы кодэкс. Таксама ён стаў ахвярай нападу. І ў часе парлямэнцкай дзейнасьці спадар Фралоў уздымаў пытаньні пра зьніклых у Беларусі. Нягледзячы на ціск дзяржавы, ён не цураецца сваіх прынцыпаў. Таму й было вырашана, што на атрыманьне прэміі генэрала Юрыі Захаранкі “З адкрытым забралам” першым зацьверджаны генэрал Валеры Фралоў”.

Алег Волчак таксама паведаміў, што асоба, якая ўзнагароджваецца прэміяй імя Захаранкі, атрымлівае й права быць ганаровым сябрам руху “Абаронцы Айчыны”.

Вось як пракамэнтаваў сёньняшнюю ўзнагароду сам ляўрэат Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “У мяне ёсьць шмат узнагарод: дзесьці дванаццаць мэдалёў, ёсьць ордэны. Доўгі час служыў і атрымліваў толькі афіцыйныя ўзнагароды. А гэтая ўзнагарода–ад чыстага сэрца і ад душы. Гэта – не казённа, а па-добраму, па-людзку. Гэта вельмі прыемна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG