Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязень канцлягеру падае ў суд на ўлады за сьпілаваны дуб памяці


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Амаль год судзіцца зь мясцовымі ўладамі жыхарка Ельску Вольга Сіліверст. Былая малалетняя выгнаньніца ў Нямеччыну, вярнуўшыся ацалелай пасьля вайны на радзіму, пасадзіла з мужам-франтавіком малады дубок. Як памяць пра Перамогу. Летась паводле загаду з райвыканкаму памятны дуб сьпівалі мясцовыя камунальнікі. Падрабязнасьці падае наш гомельскі карэспандэнт.

У вайну Вольга была ў выгнаньні ў Заходняй Нямеччыне. Яе ды шмат іншых пакутнікаў з эўрапейскай часткі былога Савецкага Саюзу вызвалілі амэрыканскія салдаты.

У Нямеччыне Вольга сустрэла і свайго суджанага – 20-гадовага чырвонаармейца з Украіны Мікалая Сіліверста.

Пасьля Перамогі Мікалай, як і абяцаў, прыехаў у Ельск. Маладыя пабраліся шлюбам, атрымалі зямельны ўчастак і пасадзілі пры мяжы маладзенькі дубочак. Як памяць пра Перамогу і сваё каханьне.

У 2002 годзе былы франтавік памёр. Вольга ўспамінае, што калі хвораму мужу было цяжка, ён прыходзіў да дуба.

(Сіліверст: ) “Пойдзе, пастаіць мінут 5-10 і кажа: “Мне ўжо трохі лягчэй стала”.

Летась дуб чамусьці стаў моцна перашкаджаць сыну суседа. Маўляў, крона дуба перасягнула мяжу. Сусед стаў пісаць у інстанцыі, каб дуб сьпілавалі.

З гэтай прычыны Вольга Сіліверст адмыслова хадзіла нават да намесьніка старшыні райвыканкаму Івана Казака. Апошні супакоіў жанчыну.

(Сіліверст: ) “Казак мяне запэўніў: Бабуля, ідзі дадому, адпачывай, ніхто вас не зачэпіць”.

Аднак у мінулым траўні, адразу пасьля сьвята Перамогі, міліцыянты гвалтам вывезьлі жанчыну зь яе сядзібы, каб не перашкаджала камунальнікам пілаваць дуб.

Гаворыць начальнік камунальнага прадпрыемства “Ельск” Васіль Яцухна.

(Яцухна: ) “У мяне ёсьць ліст з рэзалюцыяй намесьніка старшыні райвыканкаму пра знос гэтага дрэва. Гэта ўзгоднена з экалёгіяй. Вырашылі. Узгаднілі. Далі мне каманду. І я сьпілаваў”.

Вольга Сіліверст, у сваю чаргу, падала ў суд на камунальнікаў.

(Сіліверст: ) “Гэта ж дуб памяці! Старога гаспадара пахавала – і зрэзалі дуб памяці. Дзень і ноч плачу па гэтай памяці. Такую памяць муж пасадзіў на дзень Перамогі! (Плача). Я ж і сама – вязень фашыстоўскай Нямеччыны. Я ж была ў такіх лягерах, дзе за дзьве гадзіны людзей палілі ў тых печах. А нам заставалася 20 хвілінаў – і мы б там згінулі”, – распавяла нашаму радыё жонка франтавіка.

Справу разьбіралі і раённы, і абласны суды. З камунальнага прадпрыемства суд спагнаў на карысьць жанчыны 1 мільён 632 тысячаў рублёў за незаконны знос дрэва. А вось заяўлены маральны ўрон суд зьменшыў ажно ў 50 разоў.

Цяпер Вольга Селіверст рыхтуе скаргу ў Вярхоўны суд. Адначасова яна дамагаецца пакараньня міліцыянтаў, якія падчас зьнішчэньня дрэва гвалтам вывезьлі жанчыну з дому.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG