Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто стаіць за ініцыятывай новага грамадзкага руху “Воля народу”?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У мінулую суботу ў газэце “Народная воля” быў надрукаваны “Зварот да беларускага народу”, у якім прадэкляравана стварэньне новага грамадзкага руху “Воля народу”. Хто стаіць за гэтай ініцыятывай?

Пад зваротам, якім дэкляруецца стварэньне новага грамадзкага руху, 85 подпісаў. Першым падпісаўся былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін. Аднак атрымаць тлумачэньні наконт ініцыятараў руху ад спадара Казуліна пакуль не ўдалося, тэлефон былога рэктара не адказвае.

Сярод падпісантаў, хоць і няшмат, ёсьць і шырока вядомыя прозьвішчы. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч быў нешматслоўны адносна свайго ўдзелу ў ініцыятыве. Ён падзяляе пазыцыю падпісантаў, а хто ёсьць аўтарам ініцыятывы, дакладна ня ведае.

Былая дэпутатка Нацыянальнага сходу Натальля Машэрава гэтак патлумачыла зьяўленьне свайго подпісу пад зваротам “Волі народу”:

(Машэрава: ) “Мне спадабаліся палажэньні гэтага звароту, яны адпавядаюць майму сумленьню, але больш нічога сказаць не магу. Мне ўсе тэлефануюць, але…”

Паводле Натальлі Машэравай, ініцыятарамі новага руху ёсьць навукоўцы і выкладчыкі, якія згуртаваліся вакол былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна.

Тое, што гэта “людзі разумныя і інтэлігентныя”, вельмі імпануе дачцы вядомага камуністычнага дзеяча Беларусі Пятра Машэрава. Натальля Машэрава перакананая, што гэтыя людзі дрэннага Беларусі ня зробяць. А ці атрымаецца насамрэч з ініцыятывы шырокі рух і што зь ім будзе далей, Натальля Машэрава меркаваць не бярэцца.

(Машэрава: ) “Адразу фарбаваць, даваць вызначэньні ня трэба. Апазыцыя гэта ці не, партыя ці не — жыцьцё пакажа”.

Акадэмік Генадзь Лыч не хаваў, што падпісаў зварот з пэўных палітычных спадзяваньняў. Генадзь Лыч верыць, што праз новы рух “Воля народу” зьявіцца новы лідэр, які здолее аб’яднаць апазыцыю з народам і перамагчы на будучых выбарах. Такога чалавека Генадзь Лыч убачыў у асобе Аляксандра Казуліна.

(Лыч: ) “Ня думаю, што гэта толькі ягоная асабістая ініцыятыва. Мяркую, у яго мусіць быць нейкая група, кшталту мазгавога цэнтру, якая ўжо папрацавала ці працуе над пэўнай праграмай. А ў якасьці першай спробы пусьцілі гэты зварот. Я так разьлічваў, калі чытаў і падпісваў гэты зварот”.

Акадэмік Генадзь Лыч лічыць, што беларускія выбаршчыкі ня будуць галасаваць за тых дзеячоў апазыцыі, якія дзейнічаюць ужо шмат гадоў, але гэтак і не здабылі папулярнасьці.

Між тым, некаторыя крыніцы не выключаюць, што “прарыў” былога рэктара ў шэрагі апазыцыі спраграмаваны беларускімі спэцслужбамі з мэтай раскалоць і дыскрэдытаваць апазыцыю. У якасьці доказу называюць тое, што некаторых падпісантаў звароту ўжо звольнілі з працы. У прыватнасьці, называюць прозьвішча былога дырэктара студэнцкага гарадка адной менскай ВНУ. Назіральнікі, аднак, адзначаюць, што гэты факт сьведчыць толькі пра пачатак актыўных дзеяньняў улады супраць ініцыятараў руху “Воля народу”.

• Былы рэктар БДУ А.Казулін стаў на чале новай ініцыятывы “Воля народу” (тэкст звароту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG