Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйк прадпрымальнікаў у сакавіку абяцае быць масавым – лічаць лідэры


Міхал Стэльмак, Менск Беларускія прадпрымальнікі возьмуць актыўны ўдзел у бестэрміновым агульнабеларускім страйку, які плянуецца пачаць 1 сакавіка. Пра гэта было заяўлена сёньня ў Менску на нарадзе лідэраў прадпрымальніцкага руху. Мэта страйку — пратэст супраць увядзеньня падатку на даданую вартасьць. 10 лютага прадстаўнікі дробнага бізнэсу ўжо ладзілі шматтысячны папераджальны страйк, аднак улады, як вынікае з выступу Аляксандра Лукашэнкі 17 лютага, пакуль што не зьбіраюцца ісьці ім на саступкі.

У сёньняшняй нарадзе бралі ўдзел рэгіянальныя лідэры прадпрымальнікаў з усіх абласьцей Беларусі. Як прагучала на нарадзе, бізнэсоўцы ўхваляюць ідэю страйку. У прыватнасьці, вось што паведаміў на гэты конт лідэр магілёўскіх прадпрымальнікаў Сяргей Фамін:

(Фамін: ) “Цяпер мы правялі сходы — усе адназначна ў сакавіку спыняюцца. Мы напісалі на адрас дырэктараў рынку заявы, дзе матывавалі прыпыненьне прадпрымальніцкай дзейнасьці праблемай увядзеньня падатку на даданую вартасьць. Мы папрасілі перанесьці тэрміны арэндных выплатаў пасьля таго, як праблема гэтага падатку будзе вырашана. Таму 1 сакавіка ў Магілёве рынкі ня будуць працаваць. Але ў раённых цэнтрах мае месца вялікі прэсінг з боку падатковых інспэкцыяў. Яны тэлефануюць, папярэджваюць пра вялікія штрафы”.

Пра ўдзел у страйку заяўляюць і гомельскія прадпрымальнікі. Пра гэта паведаміла на нарадзе іхная лідэрка Тацяна Марчанка:

(Марчанка: ) “Рынкі спыняцца ўсе практычна. Спыняцца, магчыма, і выставы, нягледзячы на тое, што на іх ідзе прэсінг. Прэсінгуюць улады. Яны пагражаюць дырэктарам пазбаўленьнем ліцэнзіяў. Тым ня менш, як я мяркую, каля 70 працэнтаў прадпрымальнікаў з выставаў таксама спыняць працу. Ідзе ціск на прадпрымальнікаў і з боку падатковых інспэкцыяў. Аднак гэта ня спыніць страйку. Адметна тое, што гэтым разам нас падтрымлівае нават аўтамабільны рынак, чаго раней ніколі не было”.

У большасьці рэгіёнаў, як прагучала на нарадзе, сёньня працягвалася кампанія пісьмовага папярэджаньня падатковых інспэкцыяў пра прыпыненьне бізнэсоўцамі ад 1 сакавіка падатковых выплатаў. Аднак падатковыя органы пакуль ня рэагуюць на масавыя звароты бізнэсоўцаў. Прадстаўнік прэсавай службы Міністэрства падаткаў і збораў Сяргей Эйсмант пракамэнтаваў сытуацыю гэтак:

(Эйсмант: ) “Пытаньне ўвядзеньня і адмены падаткаў не ўваходзіць у кампэтэнцыю Міністэрства падаткаў і збораў. Мы выконваем закон. Было ўказана, што індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выплачваюць адзіны падатак, пры ўвозе тавараў з Расейскай Фэдэрацыі павінны плаціць падатак на даданую вартасьць у адпаведнасьці з пагадненьнем. На сёньняшні дзень гэтага ніхто не адмяняў. Таму падатковыя органы будуць патрабаваць уплаты падатку на даданую вартасьць”.

Дарэчы, Канстытуцыйны суд, на які разьлічвалі прадпрымальнікі, пытаньне падатку на даданую вартасьць пакуль што не прыняў да разгляду. Нагадаю, прадпрымальніцкі прафсаюз “Садружнасьць” і Беларускі саюз прадпрымальнікаў прапанавалі ўраду выступіць ініцыятарам такога разгляду. Аднак, як паведаміў старшыня прадпрымальніцкага саюзу Аляксандар Патупа, урад з такой ініцыятывай не сьпяшаецца.
XS
SM
MD
LG