Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадстаўнікі апазыцыі камэнтуюць атаку Лукашэнкі


Алесь Дашчынскі, Менск Выступаючы на нарадзе ў пытаньнях барацьбы з карупцыяй, Аляксандар Лукашэнка зноў зрабіў некалькі заяваў на адрас дэмакратычнай апазыцыі. “Замест барацьбы з карупцыяй Лукашэнка зрабіў спробу перавесьці стрэлкі на сваіх апанэнтаў”, лічыць Анатоль Лябедзька.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, дзеля дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі апазыцыя будзе выкарыстоўваць рэсурс крымінальнага элемэнту, будзе даваць усё больш і больш прычынаў для хаосу і дэстабілізацыі. Кіраўнік краіны таксама заявіў, што яму вядома пра фінансаваньне беларускай апазыцыі Захадам і зноў падкрэсьліў, што не дапусьціць у краіне ніякіх рэвалюцыяў.

(Лукашэнка: ) “Прыхільнікі гэтай дэмакратыі выкарыстоўваюць любую нагоду, каб зганьбіць той шлях, якім ідзе наша краіна. Да ўлады яны могуць прыйсьці толькі ў адным выпадку, — калі ў краіне запануе палітычны хаос, калі мы апусьцім рукі і настойліва ня будзем праводзіць таго курсу, які мы праводзілі да гэтага часу”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што, даводзячы сытуацыю да абсурду, апазыцыянэры, якія ірвуцца да ўлады, і іх заходнія спонсары “падымаюць на шчыт “нягоднікаў, якія пракраліся”, падаюць іх як палітычных пакутнікаў. Сёньня “вядуцца пошукі людзей, якія быццам бы не зьвязаныя ні з апазыцыяй, ні з уладай, каб выставіць іх як незалежных для авалодваньня ўладай у Беларусі”. Але Лукашэнку вядома, хто фінансуе гэтых так званых незалежных асобаў, і гэта будзе абнародавана.

Як рэагуюць на гэтыя закіды кіраўніка краіны ў дэмакратычнай апазыцыі?

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб падкрэсьліў, што апазыцыя ня мае ніякага дачыненьня да крымінальнага сьвету. Калі нехта з апазыцыйных актывістаў і прыцягваўся да адказнасьці, то выключна за свае палітычныя перакананьні.

(Грыб: ) “Але, на мой погляд, ён плянуе правесьці выбары ў гэтым годзе. Ён хоча гэта зрабіць, каб апярэдзіць апазыцыю, апярэдзіць заходні сьвет. Ён ведае, калі ён прызначыць гэтыя выбары, а ўсе астатнія — не. Таму ён і быў бы тады ў выйгрышным стане. Але калі цяпер яго намер разгадалі і пачалі рыхтавацца, падбіраць магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты, ён занепакоіўся, таму што будзе вымушаны зьмяніць пляны. Людзі ж падрыхтаваныя, і нечаканасьцяў ужо няма. Вось ён цяпер і сярдуе і крыўдуе за тое, што разгадалі ягоныя манэўры”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заяўляе, што Лукашэнка насамрэч хвалюецца і нэрвуецца з прычыны таго, што апазыцыя выпрацоўвае адзіную стратэгію да прэзыдэнцкіх выбараў і ўзгадніла мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата.

(Лябдезька: ) “Астапа зноў панесла. Замест таго, каб зразумела патлумачыць падаткаплатнікам, чаму ў краіне квітнее карупцыя і замест таго, каб прапанаваць эфэктыўную праграму барацьбы зь ёй, Лукашэнка зноў зрабіў спробу перавесьці стрэлкі на сваіх апанэнтаў. Гэта такі стары прыём, які называецца забалбатаць праблему, а насамарэч нарада па карупцыі павінна была стаць падзеяй. Калі мы паглядзім на нядаўнюю гісторыю, то ўсе “нягоднікі, што пракраліся” выйшлі з атачэньня Лукашэнкі, гэта ўсе людзі, якіх выпеставаў ён і яго сыстэма. Здаюць проста нэрвы ў Аляксандра Рыгоравіча. Трэба прагназаваць, што ад выказваньняў Лукашэнка пяройдзе да справы, і гэта мы ўжо бачым — рэпрэсіі ўзмацняюцца”.
XS
SM
MD
LG