Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Стралецкія” прадпрымальнікі страйкуюць


Вінцэсь Мудроў, Полацак Учора большасьць прадпрымальнікаў самага буйнога полацкага рынку “Стралецкі” ня выйшлі на працу, пратэстуючы супраць масавых праверак з боку праваахоўных органаў і арышту тавару. Сёньня гарадзкія ўлады пайшлі ім насустрач, абвясьціўшы часовы мараторый на падобныя праверкі.

Сёньня а 10-й гадзіне прадпрымальнікі “Стралецкага” кірмашу, якія дагэтуль практычна ніколі не страйкавалі, прыйшлі на цэнтральны гарадзкі кірмаш. Іхныя калегі з цэнтральнага рынку таксама не пачыналі працы, чакаючы вынікаў перамоваў з гарадзкімі ўладамі. Неўзабаве адбыўся імправізаваны сход, у якім бралі ўдзел больш як паўтысячы гандляроў, і на якім было абвешчана, што да канца лютага ніякіх праверак на рынках ня будзе.

Гаворыць лідэр мясцовага прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Валер Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Сёньня ад ранку я атрымаў вусныя гарантыі з боку кіраўніцтва гарвыканкаму і начальніка гарадзкога аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, што да 1 сакавіка рэйды праваахоўных органаў на рынках будуць прыпыненыя. Гарантыі атрыманыя толькі на тыдзень, да таго ж арыштаваныя тавары двум прадпрымальнікам ня вернутыя. І гэта яшчэ адна падстава для таго, каб 1 сакавіка полацкія прадпрымальнікі падтрымалі агульнарэспубліканскі бестэрміновы страйк”.

Адначасова спадар Шаўчэнка паабяцаў уладам, што да 1 сакавіка гандляры ня будуць ладзіць вулічных акцыяў. Аднак тым часам, калі на цэнтральным рынку ішоў імправізаваны сход, прыкладна сто прадпрымальнікаў чарговы раз сабраліся ля будынку гарвыканкаму. У натоўпе гучалі заклікі не чакаць 1 сакавіка, а неадкладна распачаць агульнарэспубліканскі прадпрымальніцкі страйк. І ўжо спадару Шаўчэнку давялося ісьці на пляц супакойваць людзей, заклікаючы іх разысьціся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG