Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ствараецца Фонд дапамогі ахвярам рэпрэсіяў рэжыму


Уладзімер Глод, Менск Фонд называецца “Разам!” і будзе дзейнічаць пры Беларускім Хэльсынскім камітэце.

Адметнасьць новага фонду ў тым, што ён будзе абараняць ня знаных асобаў, чыя імёны добра вядомыя ў палітыцы, за якіх заступаецца міжнародная супольнасьць, а найперш простых людзей, якія не навідавоку. У Беларусі тысячы людзей пацярпелі за свае палітычныя перакананьні. Як гэтыя пацярпелыя жывуць, на якія сродкі існуюць яны і іх сем’і? Старшыня аргакамітэту ў справе стварэньня фонду, вядомы беларускі паэт Ўладзімер Някляеў распавядае пра ўласную датычнасьць да гэтай праблемы:

(Някляеў: ) “Некалі я кіраваў літаб’яднаньнем і вось выпадкова падчас апошняга рэфэрэндуму сустрэў чалавека, які быў у тым літаб’яднаньні. Ён ня стаў літаратарам, а працаваў на адным зь менскіх заводаў. Ён пытаецца ў мяне, што яму на гэтым рэфэрэндуме рабіць. Я яму сказаў, як я меркаваў. Ён прыйшоў на завод і пачаў агітаваць сваіх сяброў, каб яны супрацьстаялі гэтай справе. У выніку яго проста выгналі з работы. А ў яго двое дзяцей. Студэнта, сына маіх знаёмых, выгналі з інстытуту за тое ж самае. Такіх людзей у Беларусі не адзін, ня два і ня тры, а сотні, калі ня тысячы”.

Пэўныя спробы стварыць падобную грамадзкую арганізацыю рабіліся і раней, але вялікага плёну ня мелі. Цяпер сярод стваральнікаў не прафэсійныя палітыкі, а людзі з высокім асабістым даверам грамадзтва, такія як, напрыклад, Зінаіда Бандарэнка, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў.

Уладзімер Някляеў лічыць, што адкрыцьцё такога фонду дапаможа многім людзям, якія пакуль не адважваюцца адкрыта выказваць свае погляды:

(Някляеў: ) “Перадусім, задача нашага фонду — даць людзям надзею на тое, што калі яны прымуць рашэньне і пойдуць супраць таго, што ім ужо невыносна трываць (а зрабіць нічога нельга, бо страшна за сябе, за сям’ю), што ім альбо іх сем’ям будзе куды прыйсьці атрымаць, хоць па першым часе, і на кавалак хлеба, і абарону атрымаць”.

Уладзімер Някляеў спадзяецца, што ўся арганізацыйная праца будзе скончана на працягу аднаго месяца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG