Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Ці патрэбныя Беларусі вялікія ўзброеныя сілы?


Галіна Абакунчык, Менск Ці патрэбныя Беларусі вялікія ўзброеныя сілы? Як вы ставіцеся да ідэі значнага скарачэньня беларускай арміі й пераводу яе на кантрактную сыстэму службы? Гэтыя пытаньні мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці патрэбна Беларусі вялікае войска? Як вы ставіцеся да ідэі ягонага вялікага скарачэньня і пераводу арміі на кантрактную службу?”

(Спадарыня: ) “Я лічу, што галоўнае ня колькасьць, а якасьць. Каб афіцэр быў афіцэрам: мог працаваць і зь людзьмі, і са зброяй. А альтэрнатыўная служба — гэта выдатнае выйсьце для вельмі многіх маладых людзей, якія з розных прычынаў не жадаюць служыць у войску”.

(Юнак: ) “Вялікае войска не патрэбнае. Гэта павінна быць маленькая, высокатэхналягічная армія. І на будучыню найлепш зрабіць кантрактную армію, дзе людзі будуць служыць паводле ўласнага жаданьня і за гэта будуць атрымліваць грошы”.

(Спадарыня: ) “Узброеныя сілы нам неабходныя, паколькі мы знаходзімся каля самай мяжы заходняй. Няхай мы крыху меньш хлеба з маслам зьямо, але каб быў мір на зямлі. Што да альтэрнатыўнай службы, то яна таксама неабходная. Чым сілай некага прымушаць без душы, без жаданьня, няхай лепш чалавек з жаданьнем ідзе ў гэтаю справу”.

(Юначка: ) “Я лічу, што тыя людзі, якія працуюць вайсковымі людзьмі, яны будуць лепш з гэтай службаю спраўляцца. А вось проста салдаты, гэтыя хлопчыкі, якіх прымусова забіраюць у войска, не даючы давучыцца, яны ня будуць добрай арміяй, бо ў іх няма жаданьня”.

(Юнак: ) “Я падтрымліваю пазыцыю тых людзей, якія схіляюцца да таго, што трэба скарачаць войска. Хутчэй за ўсё, трэба рабіць націск на эканоміку, а на нейкую мітычную абарону ад няіснага агрэсара. І на альтэрнатыўную службу прыярытэт павінны рабіцца. Вельмі многія людзі — і я, у прыватнасьці, заканчваю інстытут, і я не жадаю нават год губляць у войску, а хачу ісьці зарабляць грошы. А ёсьць людзі, якія сапраўды жадаюць быць абаронцамі айчыны, вельмі сур’ёзна да гэтага ставяцца, то няхай яны ідуць служыць за грошы, каб ім таксама было добра”.

(Спадарыня: ) “Войска трэба скараціць, бо нам яго не патрэбна гэтулькі. Я чула, што нейкая краіна ўвогуле мае толькі ахоўнікаў, а войска там зусім няма. І жыве гэтая краіна цудоўна, мае высокі сацыяльны ўзровень жыцьця. А нам навошта? Мы на войска выкладваемся — і што? Кажуць, што цяпер нават дэмантаваць усё гэта — і тое якія сродкі патрэбныя”.

(Спадар: ) “Нармалёва стаўлюся і да кантрактнага войска, і да таго, каб яно было скарочана. Так яно і будзе: будзе невялікае прафэсійнае войска, якое зможа ня толькі будаваць лецішчы для генэралаў, але якое зможа бараніць нашую нацыю. Калі нейкая стыхія здараецца, для гэтага і патрэбная армія, дапамагаць свайму народу, служыць свайму народу, а ня быць інструмэнтам у нейкіх палітычных гульнях і дапамагаць акупантам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG