Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар “Русской Америки” ад’ехаў зь Беларусі з пачуцьцём “закаханасьці ў Аляксандра Лукашэнку”, нягледзячы на скандал


Ігар Карней, Менск Інтэрвію, якое тыдзень таму даў Аляксандар Лукашэнка рэдактару эмігранцкай газэты “Русская Америка” Аркадзю Мару, выклікала скандал. Незалежныя беларускія мэдыі сьцьвярджаюць, што дзіцячы пісьменьнік з Ташкенту, які эміграваў у ЗША, ня мае ніякага дачыненьня да амэрыканскай прэсы і прыводзяць словы выдаўцоў “Русской Америки” з Аклахомы, якія кажуць, што нікога ў Менск не камандзіравалі й іншай газэты з такой назвай ня ведаюць. Афіцыйныя СМІ працягваюць называць Мара рэдактарам “уплывовага выданьня” і ў пацьверджаньне даюць слова беларускім чыноўнікам, якія нібыта “шмат гадоў” супрацоўнічаюць з “Русской Америкой”. Якое выданьне насамрэч прадстаўляў у Беларусі Аркадзь Мар?

Першымі на цьверджаньне, што рэдакцыя “Русской Америки” назвала Лукашэнку палітыкам 2004 году і таму захацела сустрэцца са сваім героем сам-насам, адрэагавалі ў самой газэце. Выдавец Валеры Тарасаў на сайце выданьня выступіў з заявай, дзе ў трох пунктах сфармуляваў: “Русская Америка” ня брала інтэрвію ў Лукашэнкі; ніколі не зьбіралася аддаваць пад гэта 12 палосаў; не абвяшчала Лукашэнку палітыкам году.

У прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі, якая непасрэдна займалася арганізацыяй інтэрвію, патлумачылі: “Русских Америк” за акіянам можа быць некалькі, таму казаць пра манапольнае права на такую назву нельга. Газэта “Советская Белоруссия”, у сваю чаргу, дадае: паводле амэрыканскага заканадаўства, газэты ў ЗША ня трэба рэгістраваць, таму можа існаваць бясконцае мноства “Русских Америк”. Навошта Лукашэнку раптам запатрабавалася аўдыторыя шматразова “кланаванага” выданьня? Пра гэта — аглядальніца “БДГ” Ірына Халіп, якая адмыслова высьвятляла, кім ёсьць заакіянскі госьць Лукашэнкі.

(Халіп: ) “Я ня ўпэўненая на 100%, што каманда Лукашэнкі дала праўдзівую інфармацыю пра “Русскую Америку”. Спадар Мар, а разам зь ім і БТ, “блытаюцца ў паказаньнях”, кажучы, што гэта штотыднёвік: на сайце “Русской Америки” Мара напісана, што газэта выходзіць толькі раз на месяц. Таму ўсёй праўды ня ведаем ня толькі мы, а нават сам Лукашэнка. Ён проста ня ведае, што такое эмігранцкая прэса, што яна не бывае “ўплывовай”. Я мяркую, што Лукашэнка, як заўсёды, стукнуў кулаком: маўляў, “хачу даць інтэрвію якім-небудзь амэрыканцам, знайдзіце мне хоць каго-небудзь”. І далей ужо пайшла працаваць каманда”.

У сёньняшнім нумары “БДГ” Ірына Халіп піша, раней прадпрымальны амэрыканец ужо супрацоўнічаў падобным чынам з кіраўнікамі Туркмэністану, Кіргізстану і Азэрбайджану.

Сам Аркадзь Мар ад візыту ў Беларусь у захапленьні. Цэлы тыдзень яго прымалі на вышэйшым узроўні: наладзілі сустрэчы ў працоўных калектывах, ён катаўся на лыжах падчас “Менскай лыжні”. Згадаўшы былую датычнасьць да дзіцячай літаратуры, наведаў рэзыдэнцыю Дзеда Мароза ў Белавескай пушчы. А на разьвітаньне прызнаўся ў любові да Лукашэнкі.

(Мар: ) “Я хачу сказаць, што проста закаханы ў Аляксандра Рыгоравіча. Ён выпраменьвае нейкую народную цеплыню; ён як хата з дрэва, якая вельмі цёплая ў любую халодную зіму. Проста наноў расплюшчваеш вочы і глядзіш на ўсё па-іншаму”.

Цяпер застаецца чакаць, ці зьявяцца ў адной з “Русских Америк” абяцаныя 12 старонак інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам.
XS
SM
MD
LG