Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка зноў атакуе апазыцыю і Захад [абноўлены]


Юры Дракахруст, Прага Выступаючы 22 лютага на нарадзе па пытаньнях барацьбы з карупцыяй, Аляксандар Лукашэнка выступіў з чарговымі абвінавачваньнямі на адрас апазыцыі і Захаду. Ён таксама закрануў тэму прэзыдэнцтва і прэзыдэнцкіх выбараў.

“Апазыцыянэры, што ірвуцца да ўлады, і іх заходнія спонсары ўзьнімаюць на шчыт нягоднікаў, якія папаліся на крадзяжы, падносяць іх як палітычных пакутнікаў. Беларускія ўлады ўсё больш атрымліваюць зьвестак аб фінансаваньні дзейнасьці апазыцыі. Захад грошай на гэта не шкадуе. Яны лічаць, што Беларусь сасьпела для нейкай аранжавай або васільковай рэвалюцыі" – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго, “за намаганьні па ўмацаваньні міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі Беларусь абвяшчаюць фарпостам тыраніі, абрынаюць на нас патокі хлусьні, спрабуюць увесьці нашых грамадзянаў у зман”.

Лукашэнка заявіў, што апазыцыянэры “ўжо перайшлі да патрабаваньняў, якія выстаўляюць Захаду па ўвядзеньні эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Журналісты часам няправільна гавораць "супраць уласнай краіны". Аднак супраць уласнай краіны так ня робяць. Таму няма ў іх уласнай краіны”, – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў упэўненасьць, што апазыцыя для дасягненьня сваіх мэтаў будзе выкарыстоўваць “няхай і невялікі рэсурс крыміналу, што маецца ў рэспубліцы”.

На думку кіраўніка дзяржавы “апазыцыя можа прыйсьці да ўлады, толькі калі ў краіне будзе панаваць палітычны хаос”. Ён працягнуў: “Справа нашага гонару – адстаяць краіну і ня даць падзяліць яе на часткі, расчляніць і прадаць ці аддаць дзяржаўную ўласнасьць за бясцэнак, за тыя грошы і паслугі, якія сёньня заходнія дзяржавы і амэрыканцы ім аказваюць”.

“Я кажу аб гэтым публічна, каб тыя, хто дае, і ты, хто атрымлівае, ведалі, што мы валодаем інфармацыяй аб тым, што адбываецца ў гэтым кірунку, – сказаў ён. – Мы ведаем, што вядуцца пошукі людзей, быццам не зьвязаных ні з апазыцыяй, ні з уладай, каб іх як незалежных выставіць для захопу ўлады. Але мы ведаем, хто фінансуе гэтых "незалежных". І гэта будзе абнародавана”, – заявіў Лукашэнка.

***

Лукашэнка таксама закрануў тэму прэзыдэнцкіх выбараў.

“Калі нехта думае, што у нас наперадзе прэзыдэнцкія выбары, і прэзыдэнт да выбараў будзе спакойна на ўсё глядзець, ня будзе жорстка патрабаваць за зробленае, той глыбока памыляецца”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка на сёньняшняй нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што нават калі народ адмовіць яму ў даверы, ён сыдзе абсалютна спакойна, ні на кога не крыўдуючы. “Але вы, мае падначаленыя, будзеце ўкалываць, нават калі абяруць іншага прэзыдэнта, да дня інаўгурацыі. Невыкананьне сваіх даручэньняў я буду расцэньваць як непавагу ня толькі да мяне, але наагул да інстытута прэзыдэнцтва і да народу, які абраў прэзыдэнта” – сказаў Лукашэнка.

Гл. таксама • Прадстаўнікі апазыцыі камэнтуюць атаку Лукашэнкі • Міхаіл Чыгір: “Немагчыма адной рукой змагацца з карупцыяй, а другой — абараняць такіх карупцыянэраў, як Галіна Жураўкова”
XS
SM
MD
LG