Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз 5 месяцаў пачнецца эвакуацыя гэбрайскіх паселішчаў з сэктара Газа


Юры Дракахруст, Прага 22 лютага з ізраільскіх турмаў былі вызваленыя 500 палестынцаў. Учора ўрад Ізраіля ўхваліў плян прэм’ер-міністра Арыэля Шарона па вываду ізраільскіх паселішчаў з сэктара Газа. Разам з тым, ізраільскі ўрад таксама прыняў рашэньне пра тое, як пройдзе мур бясьпекі на Заходнім беразе Ярдану.

Арыэль Шарон назваў учорашняе рашэньне ўраду “гістарычным”. Ён сказаў:

(Шарон: ) Зараз мы ідзем наперад у падрыхтоўцы выхаду з сэктара Газа – працэсу, які пачнецца праз 5 месяцаў”.

Плян прадугледжвае эвакуацыю прыблізна 9 тысячаў габрэйскіх пасяленцаў, якія жывуць у сэктары Газа сярод мільёна трохсот тысячаў палестынцаў. Паводле прапановы Шарона, будуць дэмантаваныя ня толькі ўсе паселішчы ў сэктары Газа, але і чатыры – на Заходнім беразе Ярдану. Там жыве каля 230 тысячаў ізраільцянаў: іх паселішчы месцяцца на зямлі, занятай Ізраілем падчас блізкаўсходняй вайны 1967 году. Пра іх эвакуацыю Ізраіль гатовы размаўляць толькі ў межах канчатковага і ўсебаковага ўрэгуляваньня.

Цяперашні плян эвакуацыі паселішчаў з сэктара Газа мае 4 этапы, і кожны зь іх патрабуе ўхвалы ўрадам. Нядзельнае рашэньне было прынятае галасамі 17-ці міністраў супраць пяці.

Дамінік Муазі, намесьнік дырэктара францускага Інстытуту міжнародных дасьледаваньняў, мяркуе, што вынік нядзельнага галасаваньня – перамога Арыэля Шарона.

(Муазі: ) “Відавочна, што палітычная воля Арыэля Шарона вельмі моцная. Гэта галоўнае. Ён хоча гэтага, і ён абапіраецца на большасьць, калі не ў сваёй партыі, то ў ізраільскім народзе. Гэта важны першы крок у правільным накірунку. Гэту рух грунтуецца на яўнай стоме ізраільцянаў і палестынцаў. Два народы стаміліся ад супрацьстаяньня і гатовыя да замірэньня, калі не да міру”.

У гэтым жа накірунку – і вызваленьне з ізраільскіх турмаў 500 палестынскіх вязьняў, якое адбылося сёньня. Аднак ізраільскі ўрад прыняў учора яшчэ адно рашэньне, якое выклікае незадавальненьне і перасьцярогі палестынскага боку. Урад Ізраілю зацьвердзіў, якім чынам пройдзе мур бясьпекі: паводле пляну, ён ахопіць некаторыя габрэйскія паселішчы на Заходнім беразе Ярдану, адгарадзіўшы прыблізна 7% тэрыторыі, якія палестынцы лічаць сваёй. Ізраільцяне сьцьвярджаюць, што ўзьвядзеньне муру – часовая мера, якая будзе дзейнічаць да тае пары, пакуль ня спыніцца тэрор. Палестынцы перасьцерагаюцца, што пабудоваю мура Ізраіль абазначае мяжу, за якую ён не адступіць.

Ультраправыя і клерыкальныя партыі ў Ізраілі крытыкуюць Шарона і за вывад паселішчаў з Газы. Некаторыя габрэйскія пасяленцы кажуць, што іх права на зямлю ў Газе і на Заходнім беразе Ярдану замацаванае ў Торы – сьвяшчэннай кнізе юдэяў. Аднак большасьць насельніцтва Ізраілю падтрымлівае плян Шарона аб сыходзе з Газы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG