Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Безумоўна, беларускую армію скарачаць трэба. Але, па-першае, трэба ліквідаваць яе прывязанасьць да расейскай арміі як абарончага шчыта”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 22 лютага 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Прафэсар усіх навук, прасталюдзін Лукашэнка, стварыў стотысячную армію, на якую ідуць вялікія фінансавыя сродкі. І гэта ўсё робіцца за кошт народу, 30 адсоткаў якога жывуць ніжэй рысы беднасьці. Такія ж па велічыні краіны маюць вельмі невялікую колькасьць арміі 30 тысяч, у Чэхіі, я чуў – 27 тысяч. Беларусі патрэбна армія 30-35 тысяч, ня болей. Лукашэнка пастаянна праводзіць ваенныя вучэньні, выхваляецца, што армія папаўняецца самай сучаснай зброяй. Ад каго ён будзе абараняцца і якая краіна на яго нападзе, нікому невядома”.

(Спадар: ) “Наш галоўнакамандуючы ня мае ваеннай дактрыны, якая вызначае патэнцыяльных ворагаў і колькасьць войскаў, узбраеньняў. Амаль кожны з нас можа сказаць, што мае сваякоў, сяброў, знаёмых у суседніх краінах і ня хоча забіваць іх і самому быць забітым. Сьвет карэнна зьмяніўся, а пранікненьне замежнага капіталу, інвэстыцыяў – гэта амаль гарантыя міру. Перавал Савецкага Саюзу над Германіяй перад другой сусьветнай вайной па танках – у тры разы, па самалётах – у два разы”.

(Уладзімер: ) “Наконт вашага пытаньня. Безумоўна, беларускую армію скарачаць трэба. Але, па-першае, трэба ліквідаваць яе прывязанасьць да расейскай арміі як абарончага шчыта. Па-другое, трэба вывесьці ўсе расейскія базы вайсковыя з тэрыторыі Беларусі. Па-трэцяе, скарачэньне беларускай арміі вымагае адпаведна эканамічнага становішча, то бок, гэтых людзей, якіх трэба скараціць, трэба куды-небудзь уладкаваць, маюцца на ўвазе афіцэры і іншыя службоўцы. І таксама, я думаю, што кантрактная армія лепш, чым прымусова-дабраахвотная”.

(Спадарыня: ) “Мая дачка атрымала ад мужа грашовы перавод. У той жа дзень яна патраціла гэтыя грошы на аплату курсаў па вывучэньню замежнай мовы. Потым з газэты “Аргументы и факты” мы даведаліся, што ёй трэба было аднесьці гэтыя грошы, адкрыць рахунак у новым дэпартамэнце. Карацей, мы не валодалі гэтай інфармацыяй. Нам далі тэлефоны, па якім мы званілі на працягу сутак, але яны то не адказвалі, то былі занятыя. І калі яна сама паехала ў дэпартамэнт, ёй сказалі, што яна павінна адкрыць у іх рахунак і ўнесьці гэтыя грошы на гэты рахунак. Яны будуць разглядаць і на працягу месяца вырашаць, атрымліваць ёй гэтыя грошы цалкам ці не. Яна сказала, што яна іх ужо патраціла, тады ёй адказалі, каб яна пазычыла гэтыя грошы і ўнесла на рахунак.

Дык я хачу, каб уся рэспубліка ведала аб гэтых маразмах, якія ў нас прымаюцца, каб раззлаваць болей наш народ. Прашу вас, каб вы не агучвалі тое, што я сказала і хачу дадаць. Але, можа, вы знойдзеце інфармацыю і адкажаце, хто рыхтаваў праект такога ненармальнага ўказа.

Грошы маёй дачцэ даслаў мой муж і даслаў праз міжнародны банк. Якое мае права Лукашэнка ўмешвацца ў сямейныя справы? Па-другое, учора ў чарзе з дачкой размаўлялі жанчыны, які з 6 лютага ня могуць забраць іхнія грошы з-за мяжы. І сярод людзей такое абурэньне!

Дык можа вы больш талкова растлумачыце, чым быў выкліканы гэты праект указу? Казалі, што яны быццам бы так адсочваюць, каб БНФ не атрымлівалі грошы з-за мяжы. Але ж у дадзеным выпадку банк выдаў грошы і ад мужа… Дык навошта яшчэ кудысьці хадзіць і ўстройваць людзям такую “нервотрёпку”? Хто дае Лукашэнку такія маразматычныя прапановы? Гэта ягоныя халуі, трэба меркаваць. Чаму яны так настроены супраць свайго народа?”

(Спадар: ) “Радыё Свабода! Я пастаянны ўдзельнік вулічных шэсьцяў, бачыў як пры поклічах “Жыве Беларусь! Радзіма! Свабода!” і іншых размыты натоўп становіцца стройнай, шчыльнай, падцягнутай, амаль па-ваеннаму строгай і прыгожай калёнай. Пры гэтым думаў аб тым, як нам, беларусам, не хапае песьні-гімна. Дамагчыся свабоды братам-украінцам дапамог менавіта такі нацыянальны гімн. У нашым беларускім нацыянальным гімне трэба паказаць гісторыю эўрапейскага народу, які пастаянна стагодзьдзямі змагаўся за сваю незалежнасьць і свабоду. Сёньняшняя ўлада дзейнічае па прынцыпу “разьдзяляй і ўладар”, падзяліла нас на чэсных і нячэсных, правільных і няправільных, сумленных і несумленных “вашывых блох”. Гімн павінен усіх нас аб’яднаць, даць пачуцьцё адзінага народу. Гэта вельмі спатрэбіцца ў галоўнай падзеі 2006 году – выбарам прэзыдэнта”.

(Спадарыня: ) “Наслухаесься вашых апазыцыянэраў і дзіву даесься, што за катэгорыя людзей цікавая. Вось паслала сяброўка сына ў армію, дык яна ўжо паўгады ні спаць, ні есьці ня можа. Ну і парода, клянаваць трэба! Ці прапаноўваюць уступіць нашым войскам у NATO. Што, ваяваць захацелася? Дык хай у Ірак пойдуць паваююць.

Але вы малайцы, апазыцыянэры, так вы спрытна вешаеце лапшу на вушы Бушу, Эўрасаюзу, што тыя “из кожи вон лезут”, каб вас фінансаваць, каб вы тут падымалі бучу, правакавалі людзей, падбухторвалі на ўсялякія неразумныя справы. А такіх дурняў знаходзіцца вельмі шмат. Посьпехаў вам! Далей так дзейнічайце!

З вамі інфармацыяй бессэнсоўна дзяліцца, бо ў вас аднабаковая інфармацыя ідзе ў эфір, вы не пускаеце таго, што людзі кажуць. Вось колькі разоў я выказвалася і мае знаёмыя, але вы пускаеце толькі тое, што на карысьць вашым фінансістам – Бушу і Эўрасаюзу.

Вось кажуць, што ва Ўкраіне да ўлады прыйшло незалежнае кіраўніцтва. Цікава, як гэта можа быць незалежнае, што ён, адзін на зямлі жыве, ні ад каго не залежыць? На зямлі шмат людзей, грамадзтваў – і ўсе адзін ад аднаго залежаць. Да таго ж, гэтае кіраўніцтва будзе расплачвацца з Бушам за тое фінансаваньне, якое было аказана пад час так званай “аранжавай рэвалюцыі”. Таксама ён будзе яшчэ пазычаць, бо яму не падняць эканоміку. Так што залежаць ён будзе ад гэтага Буша да канца дзён сваіх. А калі ён ня будзе слухацца Буша, то той арганізуе такую самую інфармацыйную даўку, як на Лукашэнку, бо наш Лукашэнка мае асабістае меркаваньне і абараняе свой народ ад амэрыканскага фашызму і дыктатуры”.
XS
SM
MD
LG