Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарожныя знакі ў Мазырскім раёне крадуць на дахі й агароджу


Казімір Яноўскі, Гомель Дзесяткі дарожных знакаў зьніклі сёлета ў Мазырскім раёне. Гэта сталася сапраўдным бедзтвам для дарожнікаў: яны не пасьпяваюць аднаўляць указальныя ды папераджальныя знакі на дарогах.

Чаму менавіта ў Мазырскім раёне сталі зьнікаць дарожныя знакі? Знакі тут ня нейкія асаблівыя, а цалкам звычайныя, стандартныя – проста ў Мазырскім раёне іх крадуць больш, чым дзе-небудзь у іншых месцах. Дарожнікі непакояцца: па сутнасьці паўтараецца леташні вандалізм, калі тут прапала ажно тры з паловай сотні дарожных знакаў. Для параўнаньня: гэта, паводле зьвестак прадпрыемства “Гомельаблдарбуд”, амаль палова ад усіх тых знакаў, што былі скрадзены агулам за год на тэрыторыі ўсяго рэгіёну.

Навошта невядомыя вандалы крадуць дарожныя знакі? Пра гэта я гутарыў з начальнікам аддзелу ўтрыманьня аўтамабільных дарог прадпрыемства “Гомельаблдарбуд” Міхаілам Леўчаковым:

(Леўчакоў: ) “Мы перайшлі на ўстаноўку мэталічных стоек пад знакі. Яны трымаюцца на кранштэйнах. Прыйшоў, адкруціў – і ў руках у цябе труба даўжынёю 2,5-3 мэтры. Добры мэталічны слупок для агароджы сваёй сядзібы. А чатыры інфармацыйныя ўказальнікі – гэта дах для прыбіральні ці душавая кабіна на лецішчы. Таму сквапныя людзі й імкнуцца зьняць дарожныя знакі. Яны наносяць прадпрыемству значны ўрон. Да 100 тысячаў рублёў каштуе адзін знак”.

Ці рэагуюць неяк ахоўныя органы на крадзеж дарожных знакаў? Паводле спадара Леўчакова, міліцыя па сутнасьці не рэагуе на нейкія там зьнішчаныя дарожныя знакі і лічыць гэта другараднаю справаю.

У абласной дзяржаўтаінспэкцыі мне пацьвердзілі, што нейкіх адмысловых дасьледаваньняў наконт зьнікненьня дарожных знакаў не праводзілася. Хаця вядома, што, апрача Мазырскага раёну, шмат дарожных знакаў зьнікае ў Калінкавіцкім, Рэчыцкім, Гомель-сельскім ды шэрагу іншых раёнаў.

Праўда, у Гомельскім раёне знайшлі аднаго зламысьніка, які выкопваў уздоўж дарогі бэтонныя ахоўныя слупкі. У дачыненьні яго завялі крымінальную справу. Але гэта, бадай, адзіны выпадак, калі прыдарожны зламысьнік трапіўся ахоўнікам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG