Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі салдат усё жыцьцё захоўваў фотаздымак каханай нямецкай дзяўчыны


Ул. інф. Гэта было ў 1948 годзе, калі сярод руінаў Магдэбургу сустрэліся савецкі салдат Уладзімір Арэшкаў і нямецкая дзяўчына Анэ-Ліза. Праз тры гады Ўладзімір вярнуўся дадому, у Беларусь. Ён ажаніўся, у яго нарадзіліся дзеці. Толькі летась, незадоўга да сьмерці, 77-гадовы Арэшкаў паведаміў сваёй дачцэ Ірыне, што ўвесь гэты час кахаў адну Анэ-Лізу і ў сакрэце ад іншых захоўваў фота, якое нямецкая дзяўчына падарыла яму перад разьвітаньнем. Апошнімі словамі Уладзіміра былі: “Мне хацелася б верыць, што ў Анэ-Лізы ўсё добра, і што яна таксама ўзгадвала пра мяне”.

22 лютага той стары фотаздымак зьмешчаны ў магдэбурскай газэце “Folksstimme”. Апублікаваная і гісторыя каханьня, якую расказаў Ірыне яе бацька. Нямецкія журналісты просяць Анэ-Лізу адгукнуцца і спадзяюцца, што, калі гэтая жанчына жывая, яны абавязкова атрымаюць гэты водгук.

Сваю сустрэчу ў Магдэбургу Ўладзімір Арэшкаў узгадваў так: “Я ўбачыў гэтую дзяўчынку ў цэнтры гораду сярод руінаў. Там гулялі нямецкія дзеці і штосьці адшуквалі старыя жанчыны. Нашыя позіркі нечакана сустрэліся, і мы ўжо не заўважалі ўсіх, хто быў побач”.

На той момант Уладзіміру Арэшкаву было 21, а Анэ-Лізе –18. Анэ-Ліза жыла разам з бацькамі ў цокалі старога каменнага дому. Праўдападобна, што бацькі з паразуменьнем паставіліся да каханьня сваёй дачкі, хаця ведалі, што Ўладзімір вельмі хутка вернецца дадому. Ён вельмі хваляваўся лёсам сваёй маці, дарэчы, паволскай немкі, і сястры, пра якіх нічога ня чуў працяглы час.

Уладзімір і Анэ-Лізэ былі разам нядоўга. На разьвітаньне дзяўчына падарыла юнаку сваё фота, дзе на зваротным баку напісала алоўкам уласнае імя ды словы “на ўспамін”. Але ж гэтыя словы Ўладзіміру прыйшлося сьцерці. Ён не выключаў, што ягоныя ўласныя рэчы ў часе доўга вяртаньня дадому могуць праверыць, што гісторыя ягонага каханьня стане вядомай “кампэтэнтным органам”, і гэта нічога добрага не прынясе ягонай сям’і.

Калі Ўладзімір вярнуўся дадому ў Воршу, ён даведаўся, што ягоная маці і сястра знаходзяцца ў лягеры пад Архангельскам. Хуткім часам прыйшло паведамленьне, што ад цяжкай хваробы ва ўзросьце 19 год памерла сястра.

У 1952 Уладзімір ажаніўся з аршанскай дзяўчынай, якая таксама, як і ён, працавала зьменным майстрам на ільнокамбінаце. У іх нарадзіліся дочкі Ірына і Люба, якія цяпер працуюць лекарамі. Увесь гэты час Уладзімір пастаянна думаў пра Анэ-Лізу і хаваў ад астатніх яе фота.

У 2003 годзе ў Арэшкава памерла жонка. У 2004, незадоўга да ўласнай сьмерці, Уладзімір расказаў Ірыне гісторыю свайго каханьня і папрасіў дачку па магчымасьці знайсьці гэтую жанчыну і паведаміць ёй, што ўвесь час ён кахаў толькі яе. У прадыктаваным Ірыне лісьце ёсьць такія радкі “Цяпер я стары і хворы чалавек. У сваім жыцьці я пабачыў шмат чаго. Але я да канца буду ўдзячны Богу за тое кароткае і разам з тым доўгае на ўсё жыцьцё каханьне”.

“Калі мой бацька гаварыў пра Анэ-Лізу, у ягоных вачох былі сьлёзы”, сьведчыць Ірына.
XS
SM
MD
LG