Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму й нашто патрэбная “Рэспубліканская дошка гонару”?


Галіна Абакунчык, Менск Менскі гарвыканкам адмысловым рашэньнем прапанаваў занесьці на “Рэспубліканскую дошку гонару” Савецкі раён сталіцы. Лепшымі ў раёне прызнаны трактарны завод, малочны завод №1, прадпрыемства па вытворчасьці жаночай бялізны “Мілавіца” і іншыя. Адпаведныя прапановы састаўляюць таксама ўсе абласныя цэнтры краіны. “Рэспубліканская дошка гонару” на 36 месцаў мусіць быць абноўленая да сьвята працы 1 траўня. Канчатковае рашэньне паводле кандыдатаў на ўганараваньне мусіць прыняць Аляксандр Лукашэнка.

“Рэспубліканская дошка гонару” была рэанімаваная кіраўніком краіны яшчэ некалькі гадоў таму. У адмысловым палажэньні, у прыватнасьці, гаворыцца, што вартымі дошкі гонару ёсьць тыя арганізацыі, якія выконваюць “асноўныя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця”, а таксама трымаюць “працоўную й выканаўчую дысцыпліну.” Паводле гэтых паказчыкаў, мінулагоднім перадавіком у Менску быў Заводзкі раён сталіцы, дзе пераважаная бальшыня прамысловых прадпрыемстваў гораду, хоць у народзе яго называюць “перадавіком” паводле п’янства й злачыннасьці.

Як паведамілі Свабодзе ў аддзеле эканомікі Менгарвыканкаму, працэдура вылучэньня кандыдатаў на дошку гонару выглядае так: лепшых спачатку вылучаюць адміністрацыі раёнаў і гарадоў, затым гэтыя прапановы ўзгадняюцца з адпаведнымі міністэрствамі, Урадам краіны. Але канчатковае рашэньне па кандыдатурах прымае непасрэдна Аляксандр Лукашэнка.

Паводле палажэньня аб дошцы гонару, гэта ёсьць “грамадзкім прызнаньнем і маральным заахвочваньнем”. Ці магчыма нейкае матэрыяльнае стымуляваньне пераможцаў, чыноўнікі абмяркоўваць не асьмельваюцца. Вось што сказала ў інтэрвію нашаму радыё супрацоўніца аддзелу эканомікі Менгарвыканкаму, якая не пажадала называць сваё імя.

(Чыноўніца: ) “Мне сказалі, што нічога казаць ня можна, бо яшчэ будзе пастанова Савету міністраў, указ прэзыдэнта, і там будзе ўсё ўдакладнена, якія стымулы. Пакуль ёсьць толькі нашыя прапановы па кандыдатурах”.

Дарэчы, паводле савецкай традыцыі кандыдатаў на дошку гонару, незалежна ад яе ўзроўню, зацьвярджаў не адзін, нават найвышэйшы чыноўнік, а партыйныя й камсамольскія органы супольна з адміністрацыяй і прафсаюзамі.

Ці параўнальнае гэткае маральнае стымуляваньне працы ў Беларусі зь іншымі краінамі? Адмыслоўцы ў гэтай справе кажуць, што ўшанаваньне лепшых працаўнікоў адбываецца ў многіх краінах сьвету. Але стымулам для працы там ёсьць зусім іншыя, практычныя і значныя для чалавека ці прадпрыемства каштоўнасьці: гэта падвышэньне заробкаў, ці матэрыяльныя прэміі, прасоўваньне па кар’ернай лесьвіцы й многія іншыя стымулы.

Як заяўляюць незалежныя палітыкі, у Беларусі паводле так званай дошкі гонару можна вызначаць каэфіцыент лаяльнасьці кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў да ўладаў. Вось, да прыкладу, як пракамэнтаваў існаваньне так званых дошак гонару лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Гаворка ідзе пра тую ж самую, ня самую лепшую савецкую традыцыю, якая зараз рэанімуецца. І таму гэта мала каго кранае й не выклікае цікавасьці і ўвагі. Бо за гэтым акрамя чыста ідэалягічных прапагандысцкіх праяваў нічога іншага няма. Акрамя таго, канечне ж, маецца на ўвазе таксама фактар лаяльнасьці да цяперашняй улады і ўсталяванага ёю рэжыму”.
XS
SM
MD
LG