Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія прадпрымальніцы гатовыя да страйку


Сяргей Астраўцоў, Горадня У панядзелак 21 лютага ў Горадні адбыўся сход сябраў прафсаюзу “Садружнасьць” з трох самых буйных рынкаў гораду – “Цэнтральнага”, “Паўднёвага” і “Кароны”. Асноўнай тэмай была немагчымасьць плаціць 18-працэнтны падатак на дадатковую вартасьць. Кіраўнікі прафсаюзу заклікалі ў чарговы зьвяртацца да ўладаў і тлумачыць, чаму ў такіх умовах прадпрымальнікам немагчыма будзе працаваць. Аднак настрой у зале панаваў зусім іншы, прадпрымальнікі ўвесь час узьнімалі пытаньне: страйкаваць зь 1 сакавіка ці не?

Прамаўлялі на сходзе кіраўнікі прафсаюзных суполак з “Цэнтральнага” і “Паўднёвага” рынкаў – Леанід Алексіеўскі і Юры Жыватоўскі. Жыватоўскі паўтараў, што “Садружнасьць” – прафсаюз зарэгістраваны, імкнецца дзейнічаць легальна, вырашаць пытаньні ў кабінэтах, а не на плошчы. Хаця ён прызнаваў, што нічога вырашаць не атрымліваецца.

Кіраўнік мясцовай філіі прафсаюзу Валянцін Бранцэвіч згаджаўся, што вынікі змаганьня супраць увядзеньня падатку на дадатковую вартасьць “нулявыя”. Аднак ён заклікаў пісаць лісты ў Палату прадстаўнікоў, ва ўрад, у прэзыдэнцкую адміністрацыю.

Як сябры прафсаюзу—прадпрымальнікі рэагавалі на гэтыя прапановы? Некаторыя гаварылі, што згодныя дасылаць такія лісты. Але больш рашуча гучалі галасы аб тым, што ніякія лісты не дапамогуць, і зь 1 сакавіка трэба страйкаваць. На сходзе было больш кабетаў – яны якраз і заклікалі страйкаваць. Давайце паслухаем адну зь іх:

(Спадарыня: ) “Насьпела такое пытаньне: да 25-га трэба вырашыць – што рабіць потым? А ня вырашылася пытаньне – значыцца, трэба прымаць эканамічныя санкцыі, значыцца, не плаціць – ні падаткі, ні за месцы, ні за што”.

Гэта быў, бадай, найбольш эмацыйны выступ на сходзе. А вось пасьля яго заканчэньня некаторыя прадпрымальніцы выказалі сваю пазыцыю больш узважана:

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, што лічу я? Час перамоваў ужо прайшоў. Учора наш “стырнавы” ясна сказаў: “чаўнакі”, а “грамадзяне” – такога слова не гучала. І таму я прыхільніца нейкіх радыкальных мераў. У гэтай краіне перамовамі нічога ня вырашыш. Трэба ісьці на вуліцу. У Беларусі жанчыны заўсёды самыя актыўныя, заўсёды. Нашы мужчыны неяк чакаюць, калі жанчыны прымуць якія меры”.

Іншая спадарыня даўно займаецца дробным бізнэсам, вось яе меркаваньне:

(Спадарыня: ) “Я лічу, што час перамоваў прайшоў, і што гэтае рашэньне прымалася не спантанна. Тры разы ў год у нас узьнікаюць такія вострыя праблемы, якія прымушаюць людзей выходзіць на вуліцы. Інакш, я лічу, нашыя ўлады нас не разумеюць”.

А вось яе прыяцелька сказала, што яна за тое, каб пісаць лісты ўладам і працягваць перамовы. Яшчэ адна прадпрымальніца – грамадзянка Расеі, але працуе ў Горадні. Вось, што яна гаворыць:

(Спадарыня: ) “І лісты, і страйк – каб нас пачулі. Таму што калі зараз нас не пачуюць, нас задушаць, вось і ўсё. Мы – па-за законам”.

На сходзе сябраў прафсаюзу “Садружнасьць” гаварылі яшчэ, што нават калі пачне страйкаваць толькі Горадня – хай, бо так ня раз здаралася, за гэта, маўляў, і прэзыдэнт ня любіць “наш горад”. А адна жанчына заявіла, што Беларусь трэба разбудзіць, як Украіну, “якая не адзін дзень страйкавала на плошчы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG