Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: “Міністэрства юстыцыі дзейнічае як аддзел адміністрацыі Лукашэнкі”


Алесь Дашчынскі, Менск 22 лютага лідэры шэрагу палітычных партыяў маюць намер сустрэцца з намесьнікам міністра юстыцыі Алегам Краўцовым. Будзе абмеркавана сытуацыя вакол патрабаваньня міністэрства да 1 лютага гэтага года перавесьці офісы і арганізацыйныя структуры ў нежылы фонд альбо ў прыватныя дамы. Як вядома, асноўныя палітычныя партыі адмовіліся выконваць гэтае патрабаваньне і атрымалі папярэджаньні мін’юсту.

На сустрэчу зьбіраюцца старшыні шасьці апазыцыйных партый – Аб’яднанай грамадзянскай, партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада), партыі камуністаў Беларускай і Беларускай экалягічнай партыі “зялёных”. Яны мяркуюць выслухаць аргумэнты міністэрства, якое, на думку некаторых палітыкаў, у сапраўднасьці спрабуе спачатку зьліквідаваць арганізацыйныя структуры палітычных партый, каб потым мець падставы зачыніць і самі партыі.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька перадасьць ліст на імя міністра юстыцыі Віктара Галаванава з шэрагам пытаньняў, якія закранаюць дзейнасьць міністэрства.

(Лябедзька: ) “Мы, канешне, выкажам шкадаваньне, што міністэрства юстыцыі дзейнічае як аддзел адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, а не як самастойнае міністэрства юстыцыі, якое функцыянуе ў адпаведнасьці з канстытуцыяй і заканадаўствам. На вялікі жаль, у нас ёсьць усе падставы сьведчыць, што міністэрства юстыцыі выконвае палітычны загад беларускага “чырвонага” дома. Мы яшчэ раз зрабілі рэвізію тых матэрыялаў, інфармацыі, якая ёсьць, заканадаўства, і можам сьведчыць, што ў міністэрства юстыцыі няма юрыдычных падстаў для таго, каб зачыняць рэгіянальныя структуры партыі”.

Спадар Лябедзька таксама перадасьць у мін’юст шэраг “адпісак”, якія былі атрыманыя ад прэзыдэнцкай “вэртыкалі” на спробу зарэгістраваць ці перарэгістраваць партыйныя структуры. Цягам пэрыяду пасьля выбараў і рэфэрэндуму ніводная з партыйных структураў АГП ня здолела прайсьці гэтую рэгістрацыю. Да прыкладу, у Горадні было знойдзена памяшканьне ў прыватным доме, якое адпавядала новым патрабаваньням. Аднак “вэртыкальшчыкі” адмовілі, бо, маўляў, падобны дазвол перашкаджае вырашаць жыльлёвую праблему ў горадзе, дзе некалькі тысяч гарадзенцаў стаіць у чарзе на жыльлё.

Партыі запрапануюць уладам кампрамісны варыянт, каб зарэгістраваныя раней у жылым фондзе структуры не падлягалі перарэгістрацыі. А вось новыя структуры яны ўжо гатовыя рэгістраваць паводле гэтай зьдзеклівай, па іх словах, працэдуры.

Апроч таго, прадстаўнікі партый выкажуць свае прапановы наконт новай рэдакцыі закону аб палітычных партыях. Цяперашняе заканадаўства, як бачым, стала значнай перашкодай у легальнай дзейнасьці. Аднак партыі яшчэ пазмагаюцца і разглядаюць варыянт калектыўнага зыска ў Вярхоўны суд.

Цяпер, да прыкладу, значную частку сілаў адбірае ліставаньне з органамі юстыцыі, кожныя тры месцы праходзяць праверкі, і цяпер мін’юст патрабуе ад партыі БНФ прадставіць цэлы стос дакумэнтаў. Паводле старшыні арганізацыйна-праўнай камісіі партыі БНФ Уладзімера Лабковіча, новая рэдакцыя закону аб партыях яшчэ больш ускладніць дзейнасьць грамадзкіх структураў.

(Лабковіч: ) “Закон прадугледжвае абавязковыя справаздачы аб гадавой дзейнасьці арганізацыі, тое, што арганізацыя павінна паведамляць не пазьней чым за 7 дзён пра паседжаньне ўсіх сваіх ораганаў, любых, пра час, дату і месца. Законам прадугледжана прыпыненьне дзейнасьці палітычных партый, але ж ніякім чынам не прапісана, ці можа гэта папярэджаньне абскарджвацца ў судзе, ці можа суд адмяніць гэтае прыпыненьне дзейнасьці.

Якія правы і абавязкі ў партый застаюцца, калі яе дзейнасьць прыпынена? Які орган павінен выпраўляць недахопы, якія паслужылі прыпыненьню дзейнасьці арганізацыі? Усе гэтыя моманты не прапісаны, і плюс – не прапісана гэтае палажэньне, якое мы лічым непрымальным, па рэгістрацыі арганізацыйных структураў не па адрасах, дзе жывуць сябры арганізацый”.

А што кажуць у міністэрстве юстыцыі пра наступствы, якія чакаюць палітычныя партыі? Начальнік управы грамадзкіх аб’яднаньняў Алег Сьліжэўскі адмовіўся даваць нейкую інфармацыю бяз згоды міністра і параіў зьвярнуцца ў партыі – маўляў, дастаткова пачытаць пісьмовае папярэджаньне, і там усё расьпісана. Але, згадваючы прыклад закрыцьця Партыі працы, улады наўрад ці пойдуць на нейкія кампрамісы. Вось што паведаміла прэсавы сакратар мін’юсту Тацяна Бондар:

(Бондар: ) “Ва ўстаноўлены тэрмін не выканалі ўказаныя патрабаваньні, і ў парушэньне дзейнага заканадаўства разьмяшчаюцца ў кватэрах шматкватэрных жылых дамоў каля 60 рэспубліканскіх і міжнародных грамадзкіх аб’яднаньняў, а таксама шэраг арганізацыйных структур грамадзкіх арганізацый, палітычных партый і прафсаюзаў. Шэрагу з іх было вынесена, канешне ж, пісьмовае папярэджаньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG