Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Самагубства, байкеры і інтэрнэт-старонкі


Франак Вячорка, Менск (moladz@tut.by) (эфір 20 лютага). Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”. Маладыя галасы пра самагубствы, байкерш, хатнія старонкі ў інтэрнэце, экспэрымэнты са словам і фота, новую “Студэнцкую думку”

Young voices, Belarus

Гаворкі пра самагубствы

Пачнём нашую праграму з сур’ёзнага. Чалавек вырашыў разьвітацца з жыцьцём. Прычыны могуць быць зусім розныя. У Беларусі дарослыя людзі найчасьцей робяць гэта з прычыны безвыходнасьці. Наш госьць цьвердзіць, што ніводная жыцьцёвая калізія ня вартая таго, каб добраахвотна выпраўляцца на той сьвет. Ягоныя словы грунтуюцца на ўласным досьведзе. Папярэджваю, у выказваньньях хлопца гучаць занадта шчырыя і часам шакавальныя падрабязнасьці. Гэта не найграны натуралізм, гэта жыцьцё, якое яно ёсьць.

(Хлопец: ) “Было дзьве спробы перарэзаць сабе жылы і адзін раз павесіцца. Адбывалася гэта пад уплывам нейкіх эмоцыяў, пад уплывам нейкіх такіх дрэнных сытуацыяў у жыцьці, калі лічыш, што ты стаміўся, што гэтая рэальнасьць увогуле не для цябе. Гэта былі праблемы на фронце прыватных зносінаў зь дзяўчатамі. Гадоў 14, 15, 16... Увесь гэты рамантызм, сэнтымэнталізм — дзіцячае глупства. Бо цяпер такіх сытуацыяў няма ў мяне, каб я яшчэ раз вырашыў загубіць сваё жыцьцё”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы прымалі такое рашэньне? Ход вашых думак і якая была лёгіка?”

(Хлопец: ) “Гэта як сьнежны ком. Гэтыя праблемы накатваюцца, накатваюцца, і з кожным днём усё больш і больш, як бы табе гэта зрабіць, як бы сысьці як хутчэй. У самы апошні момант выратаваў я сябе сам. Навокал, калі нікога ўжо не было і разумееш, што ўжо ўсё, то інстынкт самазахаваньня спрацоўвае”.

(Карэспандэнт: ) “Калі гутарыць пра тую спробе самагубства пры дапамозе вяроўкі, што вас падштурхнула скарыстацца менавіта ёй?”

(Хлопец: ) “Я вагаўся, бо нейкія сумненьні ўзьнікалі, як бы вяроўка не парвалася, як бы пахутчэй, каб зламаць шыйныя пазванкі. Хвілінаў пяць ня дыхаў, потым ледзь-ледзь сам абарваў, разьвязаў, і вось, я тут і сяджу цяпер, з вамі. Пасьля дзьвюх-трох хвілінаў — гэта проста інстынкт, твае рукі самі цягнуцца да вузла, разьвязваюць і абрываюць вяроўку, бо жыць хочацца — ня так розуму, як арганізму. Хочацца дыхаць, таму разьвязваеш пятлю. Пасьля такіх выпадкаў заўсёды нейкая прага да жыцьця зьяўляецца”.

(Карэспандэнт: ) “Якая была рэакцыя вашых сяброў на гэта?”

(Хлопец: ) “Адныя спачувалі, іншыя гаварылі: “Ну што ж ты рабіў, дурань?” Сябры сапраўдныя хваляваліся. Калі я пару разоў паглядзеў на іх хваляваньні са сьлязьмі на вачах, я закінуў гэтыя спробы. Сябры адыгралі галоўную ролю ў тым, што я цяпер жывы”.

Гэтыя выказваньні мы папрасілі пракамэнтаваць псыхоляга-практыка Паўла Зыгмантовіча.

(Зыгмантовіч: ) “І дзіўна, і прыемна, што чалавек застаўся жывы, бо калі самагубца адзін раз зьдзяйсьняе сваю спробу і зьдзясьняе няўдала, звычайна другі раз ён зьдзяйсьняе яе пасьпяхова. А па-другое, тая нагода, што ён сказаў, што зь дзяўчатамі было ня ўсё добра, гэта ў падлеткавым узросьце клясычны выпадак, калі нейкія праблемы на прыватным фронце — яны цягнуць за сабой такія спробы.

Статыстыка, вядома, ёсьць. Беларусь доўга не выбіваецца з шэрагу астатніх постсавецкіх краінаў, прыблізна ўсё тое ж — 60 выпадкаў на тысячу чалавек, гэта даволі шмат, але, напрыклад, у Швэцыі нават болей. Асноўны пік гэтых спробаў прыходзіцца на ўзрост ад 14 да 16 гадоў. Гэта крызіс падлеткавы, таму лепш за ўсё, каб у чалавека ў гэтым узросьце была зацікаўленасьць у нечым. Гэта можа быць і спартовая сэкцыя, і музыка — карацей, каб чалавек мог нейкую патрэбу ў творчасьці рэалізоўваць. У Амэрыцы і на постсавецкай прасторы ёсьць такія групы падтрымкі. Яны ўсе зьбіраюцца разам, і тое, што яны маюць адную і тую ж праблему, гэта іх падтрымлівае, яны бачаць, што яны не адны і ёсьць нешта, дзеля чаго варта застацца ў жыцьці. Таму сябры — гэта такая група падтрымкі. Рызыка зьніжаецца, але небясьпека ўсё роўна застаецца. Бо даволі часта самагубства — гэткі шантаж: вось я зараз памру, і няхай вам усім будзе кепска. І гэта ня самае лепшае выйсьце з сытуацыі.

Па-другое, ёсьць такое паняцьце, як адрэналінавыя наркаманы. Яны могуць скакаць з парашуту, усё што заўгодна рабіць, каб была рызыка для жыцьця ці для бясьпекі іхнай. Дык вось, ёсьць такая рызыка, што гэта малады чалавек можа стаць такім наркаманам адрэналінавым, калі ў яго жыцьцё стане такім шэрым, будзе 20 год, 30, ён зможа зноў пайсьці гэтым шляхам”.

Гаворкі пра байкераў

Да больш вясёлых тэмаў. Неўзабаве вясна. А разам зь ёй у байкераў распачнецца новы сэзон. У савецкі час іх называлі рокерамі. Пазьней за маладымі людзьмі, якія на вялікай хуткасьці й з шумам ганяюць па вуліцах, замацавалася міжнароднае азначэньне — байкеры. А разам з гэтым нарадзіўся жарт: “Рокеры — гэта тыя, хто слухаў рок, а байкеры — гэта тыя, хто слухаюць байкі”. Ірыну мы запрасілі ў нашую студыю з адной толькі мэтай — наслухацца баек пра байкераў.

(Ірына: ) “Вельмі шмат людзей, якія называюць сябе байкерамі, але байкерамі не зьяўляюцца на самай справе. Яны ў адзеньні байкераў, у колерах клюбу могуць сядзець дзе-небудзь у сквэрыку піць піва. Якраз па такіх людзях і мяркуюць пра ўвесь рух. Некаторыя людзі лічаць матацыклістаў вельмі непрыемнымі людзьмі, некаторыя абяцаюць пабіць”.

(Карэспандэнт: ) “І вы, мабыць, неаднаразова чулі, што ад байкераў вельмі шмат шуму. Гэты шум матору, гэта ў такой ступені важна для байкера, гэта ёсьць неад’емнай часткай, альбо ўсё ж такі можна паставіць дасканалы глушыльнік і не турбаваць жыхароў навакольных дамоў?”

(Ірына: ) “Тут такая справа: калі мы едзем у іншы горад, вельмі шмат фураў. З фуры ці аўтобуса не відаць матацыкла. У гэтым годзе зьбілі майго хлопца, і кіроўца “Жыгулю” сказаў, што ён ня чуў і ня бачыў, што за ім едзе матацыкл. Таму хлопцы здымаюць глушыльнікі, каб матацыкл было чуваць. Гэта мера бясьпекі, страхаваньня свайго жыцьця і пасажыра”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат байкераў сярод жанчын? Што гэта за жанчыны, як яны трапляюць да байкераў?”

(Ірына: ) “У Менску такіх тры ці чатыры. Як трапляюць? Кожная па-свойму. Некаторыя займаліся ў моташколе ці яшчэ дзе-небудзь. Некаторыя езьдзілі са сваімі хлопцамі, потым ім таксама ці купілі матацыкл, ці яны сабралі, ці ім сабралі. Калі памятаць, што ў дзяцінстве дзяўчаткі больш цікавяцца лялькамі, чым машынамі — і атрымліваецца, калі мы вырастаем, у дзяўчатак вопыту менш. Але некаторыя з нашых дзяўчат вельмі добра разьбіраюцца ў матацыклах”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі байкерства адбіваецца на астатнім жыцьці?”

(Ірына: ) “Езьдзіць на працу, асабліва калі ты працуеш у нейкім ВНУ ці адвакацкай канторы, у касьцюме-тройцы ты на матацыкле не паедзеш, а ў скураным адзеньні на працу — дырэктар не зразумее. Я працую ў Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце. Летам мяне з працы мой хлопец забіраў. Людзі ведаюць, калі за мной прыяжджаюць, гэта чуваць. Мне ўжо гавораць: “Іра, за табой прыехалі”, і ставяцца да гэтага нармальна, як і да любога іншага віду транспарту”.

Гаворкі пра ўласную вэб-старонку

Адрозна ад байкерства, жыцьцё інтэрнэту не адмяраецца сэзонамі, а карыстальнікаў даўно ўжо не падзяляюць паводле полу і ўзросту. Віртуальнасьць за тое і ўпадабалі, што ў кібэрпрасторы можна быць кім заўгодна. І ніякіх абмежаваньняў тут няма. Электронная пошта, пляткарні, сеткавыя гульні і віртуальныя дзёньнікі — сярод безьлічы вынаходніцтваў для працы і забаваў пачэснае месца займаюць прыватныя інтэрнэт-старонкі. Што гэта такое? І навошта яны патрэбныя? Пра гэта мы распыталі карыстальніцу са стажам Аляксандру Баравікову.

Young voices, Belarus

(Баравікова: ) “Самы першы сайт, які я рабіла, гэта быў школьны сайт, і гэта было насамрэч жахліва, бо я тады ў прынцыпе нічога ня ўмела рабіць. Мне тады вельмі моцна дасталося, аднак я вельмі ўдзячная гэтым людзям, бо менавіта гэта падштурхнула мяне працаваць над сабой”.

(Карэспандэнт: ) “Прынята лічыць, што кампутары і ўсё, што зьвязана зь імі, сфэра высокіх тэхналёгіяў — гэта справа мужчынская, там болей дамінуюць мужчыны, чым жанчыны. Сярод стваральнікаў пэрсанальных старонак ці шмат асобаў жаночага полу?”

(Баравікова: ) “Збольшага гэта дзяўчаты чамусьці. Хлопчыкаў значна менш. Я лічу, што гэта не зусім карэктна так ставіць пытаньне, таму што здольнасьці ва ўсіх аднолькавыя, гэта не залежыць ад твайго полу”.

(Карэспандэнт: ) “Давай пагаворым пра тэндэнцыі, пра моду ў сайтабудаўніцтве. Што лічыцца праявай добрага густу, што ня лічыцца праявай густу?”

(Баравікова: ) “Праявай добрага густу, напэўна, лічыцца, калі чалавек хоць крышку думае пра тых, хто будзе заходзіць на гэтую старонку. Натуральна, што трэба перш за ўсё рабіць так, каб табе падабалася. Цяжка сказаць пра нейкія тэндэнцыі, бо цяпер кожны робіць тое, што яму падабаецца, усе ўжо перарасьлі гэта тупое сьледаваньне модзе. Я заходзіла на тыя старонкі, адрасы якіх яшчэ памятаю, усе пайшлі сваім шляхам, і такіх тэндэнцыяў не назіраецца, па-мойму. Цяпер многія ўладальнікі хатніх старонак перайшлі ў ЖЖ (“Жывы Журнал”), калі самі сайты яшчэ функцыянуюць, то там проста інфармацыя, якая не зьмяняецца. У асноўным, усё гэта цяпер — ЖЖ. Можна сказаць, што гэта новая мода”.

(Карэспандэнт: ) “Застаецца такое пытаньне: навошта людзі робяць свой сайт? Навошта людзі марнуюць свой час, грошы і высілкі?”

(Баравікова: ) “Па-першае, гэта і цікавасьць: “А ці змагу я гэта зрабіць?” Звычайна што разьмяшчаецца на хатніх старонках: інфармацыя пра аўтараў, гасьцёўня. Па-другое, сайт стварыць прасьцей, іншая справа — падтрымліваць яго. Таксама трэба пастарацца. Большасьць хатніх старонак памірае ў наступны, максымум, год. Лёс напаткаў досыць шмат старонак. Асобная тэма, што з дапамогай сайту насамрэч можна знайсьці даволі шмат сяброў. Я магу прывесьці ўласны прыклад: недзе гады тры таму я пазнаёмілася зь дзяўчынкай з Малдавіі, у нас былі хатнія старонкі. Проста файная дзяўчынка. Прыяжджала да мяне ў Менск, мы правялі чатыры цудоўныя дні. Я дагэтуль не магу паверыць, што віртуальная дзяўчынка прыехала. І віртуальнасьць стала рэальнасьцю”.

Гаворкі пра творчы дом

Творчы дом — гэта ня нейкі там будынак для збору людзей ад мастацтва. Гэта моладзевая ініцыятыва, якая яднае амбітных творцаў. Спачатку кантактавалі за філіжаначкай кавы, пасьля займелі ўласны сайт — і сяброў паболела. Апошні крок — зь віртуальнасьці вярнуліся ў рэчаіснасьць, праўда, ужо ў выглядзе каляровага часопісу. Усе этапы эвалюцыі падае адна са стваральніц выданьня Аўгіньня Манцэвіч.

Young voices, Belarus

(Манцэвіч: ) “Мы вырашылі пачаць са стварэньня сайту, на якім будуць зьбірацца маладыя літаратары, фатографы, мастакі, будуць там прэзэнтаваць свае творы, і вось так нарадзіўся “Творчы дом” — www.tvordom.com. Сайт стварылі. Яму ў сакавіку ўжо будзе год. Колькасьць наведнікаў расьце. Ужо каля 200 чалавек, здаецца, за дзень. Часопіс выйшаў вось толькі цяпер. Гэта першы нумар, першая нашая спроба. У рубрыцы “Паэзія” зьмешчана рэцэнзія на зборнік “12 + 1” — вынікі конкурсу Натальлі Арсеньневай, у рубрыцы “Проза” знаходзіцца агульны агляд на інтэрнэт-прозу — новыя нейкія павевы, жанры. У рубрыцы “Тэатар” у нас знаходзіцца інтэрвію з Паўлам Адамчыкам, а таксама невялікія рэцэнзіі на яго спэктаклі. У рубрыцы “Музыка” ў нас інтэрвію з гуртом “Нагуаль”.

(Карэспандэнт: ) “Вы на якую аўдыторыю арыентуецеся? Як вы будзеце гэтую аўдыторыю забаўляць?”

(Манцэвіч: ) “Мы на сваім сайце праводзілі апытаньне, які ўзрост нашых наведнікаў, і аказалася, што ў асноўным гэта моладзь ад 18 да 20 гадоў. Таму, я думаю, і наш часопіс арыентуецца ў асноўным і на гэтую аўдыторыю, маладых людзей”.

(Карэспандэнт: ) “Вядома, што ў Беларусі хапае выданьняў для моладзі: і дзяржаўныя там “Пераходны ўзрост”, і “Знамя Юности”, і незалежны часопіс “Студэнцкая думка”. А ці патрэбны Беларусі яшчэ адзін часопіс? І чым вашае выданьне прынцыпова будзе адрозьнівацца ад усяго таго, што ўжо ёсьць?”

(Манцэвіч: ) “Я думаю, што часопіс абавязкова патрэбны, бо, чым больш часопісаў, чым больш думак, нейкіх меркаваньняў, тым лепш. І наш часопіс — гэта такая своеасаблівая плятформа для людзей, якія пачныаюць тварыць. Там не друкуюцца, як, напрыклад, у “Дзеяслове”, творы ўжо знакамітых пісьменьнікаў, там менавіта творы нас, маладых людзей, якія яшчэ невядомыя шырокаму колу, якія з дапамогай гэтага часопісу змогуць стаць вядомымі. Дакладна не дамаўляліся, празь які час будзе выходзіць. Па меры паступленьня матэрыялаў, аднак думаем, што калі будзем працаваць у такіх жа тэмпах, як мы працуем цяпер, то дзесьці празь месяцы тры ўжо, напэўна, выйдзе другі нумар”.

Анонс часопісу “Студэнцкая думка”

І пры канцы — пра ўжо добра вядомае выданьне. Выходзіць новы нумар часопісу “Студэнцкая думка”. Супрацоўніца рэдакцыі Алена Шалаева знаёміць са зьместам чарговага выпуску.

(Шалаева: ) “У лютаўскім нумары CD/“Студэнцкай Думкі” будзе прэзэнтаваны першы і ўнікальны для Беларусі праект “Адукацыя за мяжой”. Як, дзе, калі і навошта можна вучыцца ў Эўропе і Амэрыцы — простаму беларускаму студэнту ў сяброўскім фармаце. Посьпех “Адукацыі за мяжой” у беларусаў відавочны. Адукацыя за мяжой — гэта ня проста модны фінт. Цяпер гэта адзін з галоўных трэндаў усясьветнага адукацыйнага рынку. Калі бацькі жадаюць бачыць сваё дзіця разумным і самастойным, а дзеці хочуць напоўніцу самарэалізавацца ў сваёй краіне, то досьвед атрыманьня “коркі” за мяжой пойдзе толькі на карысьць. Нездарма ангельцы кажуць: “Каб у сталым узросьце быць спакойным і забясьпечаным, дай добрую адукацыю дзецям”.

Сёньня ў Эўропе і Амэрыцы гэтак званы замежны досьвед — неабходная ўмова для ўладкаваньня на працу і прасоўваньня па кар’ернай лесьвіцы. Такі досьвед пажадана мець у біяграфіі, бо інакш цяжка атрымаць працу. Тыя, хто едзе ў “overseas experience”, спачатку трапляюць, напрыклад, у Лёндан, вучацца і працуюць, назапашваючы прафэсійны досвед, а пасьля вяртаюцца на радзіму і без праблемаў знаходзяць працу. Босы найбуйнейшых кампаніяў небеспадстаўна ўпэўненыя, што варта браць толькі такіх маладых спэцыялістаў. “Той, хто ня бачыў нічога, акрамя свайго плоту, ня можа аб’ектыўна ўспрымаць зьмены рынку і аб’ектыўна на іх рэагаваць” — аргумэнтуюць яны свой выбар. Ужо цяпер у краінах Эўразьвязу для атрыманьня паўнавартаснага дыплёму студэнтам неабходна на працягу як мінімум году павучыцца ў замежных ВНУ.

“Адукацыя за мяжой” — гэта не даведнік для будучых эмігрантаў. Гэта даведнік для актыўнай і амбітнай моладзі, якая імкнецца атрымаць адэкватную міжнародным тэндэнцыям адукацыю і пасьля яе завяршэньня рэалізаваць сябе тут. Навучаньне за мяжой нідзе ў сьвеце не атаясамліваецца са словам “эміграцыя”. Навучаньне за мяжой — гэта ў першую чаргу штуршок да таго, каб, абапіраючыся на атрыманыя веды, зьмяняць сытуацыю ў лепшы бок на радзіме. Прыкладаў процьма: вазьміце таго ж грузінскага прэзыдэнта Саакашвілі. Тым часам і для замежных ВНУ прэстыжна мець беларускіх студэнтаў. Мы ня першыя гэта зразумелі, але мы першыя ўбачылі, чаго не хапае нашым студэнтам і як ім можна дапамагчы.

Паводле фармату “Адукацыя за мяжой” — даведнік з камэнтарамі па дванаццаці краінах Эўропы, а таксама ЗША і Канадзе. Чым іхныя сыстэмы адукацыі адрозьніваюцца ад нашай, да чаго трэба быць гатовым беларусу, які зьбіраецца там вучыцца. А таксама: што патрэбна для паступленьня, дзе і як можна здабыць стыпэндыю на навучаньне і шмат іншай карыснай інфармацыі. У спэцвыпуску падрабязна расьпісаныя больш за 160 унівэрсытэтаў з усяго сьвету. І жывыя прыклады: мы знайшлі беларускіх студэнтаў, якія атрымліваюць цяпер вышэйшую адукацыю ў дадзенай краіне, і запыталіся: “Ну як вам там вучыцца?”. Адказы, парады і камэнтары — чытайце ў самім даведніку”.

Усё! Праграма скончылася. Я, перш як разьвітацца, дазволю сабе даць вам адну параду: найлепшы лек ад дэпрэсіі — гэта актыўныя дзеяньні. Куды прыкласьці сілу — выбіраць вам. Але калі вы самастойна будзеце змагацца з хандрой, вас ня прыйдзецца ратаваць ні ў даслоўным, ні ў пераносным сэнсе.
XS
SM
MD
LG